Кітайская дэлегацыя катаецца ў метро?
- 5.11.2007, 13:54
Шэраг цэнтральных вуліц Менска перакрыты ў сувязі з візітам у Менск кітайскага прэм'ер-міністра. Зачыненыя таксама некаторыя станцыі метро. Напрыклад, станцыя метро «Плошча Якуба Коласа». Супрацоўнікі міліцыі і АМАПа не пускаюць людзей нават у пераход.
Супрацоўнікі прэс-цэнтра Хартыі’97 былі сведкамі таго, як мінакі абураюцца: шмат хто з іх ад'ехалі з працы на абедзенны перапынак – і цяпер не могуць своечасова вярнуцца. «Там што, кітайцы катаюцца?», – задаюць пытанні людзі. Міліцыянты не адказваюць.
Раней паведамлялася, што ў сувязі з візітам у Менск прэм'ера Дзяржсавета Кітая Вэня Цзябао 5 лістапада ў Менску на шэрагу вуліц будзе абмежаваны рух. Будзе закрыты рух транспартных сродкаў па пр. Пераможцаў (былы пр. Машэрава) на ўчастку ад МКАД да праспекта Незалежнасці, а таксама з 14.00 да 15.00 будзе закрыты рух па пр. Незалежнасці на ўчастку ад вуліцы Энгельса да МКАД.