Урад Польшчы сышоў у адстаўку
- 5.11.2007, 15:19
Урад Яраслава Качыньскага сышоў у адстаўку. Пасаду кіраўніка польскага ўрада зойме лідэр партыі "Грамадзянская платформа", якая перамагла на апошні выбарах, Дональд Туск.
У панядзелак адкрываецца першае пасяджэнне новага парламента краіны. Паводле ўказу прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага, першае пасяджэнне Сейма (ніжняя палата парламента) пачынаецца а 15 гадзіне (16.00 – менскі час). Сенат (верхняя палата) збярэцца ў панядзелак увечары а 18 гадзіне (19.00 – менскі час).
Нагадаем, на датэрміновых выбарах у Сейм, якія адбыліся 21 кастрычніка, перамагла апазіцыйная ліберальная "Грамадзянская платформа" (PO) – 41,51%. На другім месцы – кіруючая кансерватыўная партыя "Права і справядлівасць" (PiS) з 32,11 %. Трацінай пазіцыю займае выбарчы блок "Левыя і дэмакраты" (LiD) – 13,15%. У парламент таксама прайшла Польская сялянская партыя (PSL) – 8,91%.
Паводле афіцыйных дадзеных ГІК Польшчы, у новым Сейме ў PO – 209 мандатаў, 166 месцаў атрымаў PiS, LiD – 53 дэпутаты, PSL – 31, нямецкая нацыянальная меншасць – 1 мандат.
Цяпер Дональд Туск вядзе інтэнсіўныя перамовы з старшынёй Польскай сялянскай партыі Вальдемарам Паўлякам (Waldemar Pawlak) па фармаванні новага кааліцыйнага ўрада краіны. Мяркуюць, што ў новым складзе ўрада Паўляк стане віцэ-прэм'ерам і міністрам эканомікі.
"Грамадзянская платформа" і Польская сялянская партыя маюць у суме 240 дэпутацкіх мандатаў у новым парламенце. Для зацвярджэння ўрада неабходны 231 голас.