Праваабаронцы маюць намер расследаваць выхадкі фашыстаў
- 5.11.2007, 17:03
Рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб'яднанне "Беларускі Хельсінкскі камітэт" (БХК) шукае ахвяр і сведак бойкі, якая адбылася 4 лістапада падчас Сацыяльнага маршу. Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з сяброў БХК Зміцер Чарных.
Паводле яго слоў, сведак і ахвяр інцыдэнту праваабаронцы шукаюць для правядзення грамадскага расследавання. "Усіх, хто валодае якой-небудзь інфармацыяй, мы просім звяртацца ў офіс БХК па тэлефонах у Менску 222 48 00 або 222 48 01", – паведаміў праваабаронца.
Акрамя гэтага З.Чарных адзначыў, што БХК падрыхтаваў заяву ў Генеральную пракуратуру Беларусі з просьбай правесці праверку па фактах здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў асобнымі ўдзельнікамі маршу, а таксама прыняць меры для прыцягнення да адказнасці службовых асоб органаў унутраных спраў, якія дапусцілі скандаванне фашысцкіх лозунгаў і збіванне ўдзельнікаў мітынгу.
Як адзначыў З.Чарных, па звестках назіральнікаў БХК, інцыдэнт падчас правядзення Сацыяльнага маршу з наступнай масавай бойкай быў справакаваны прадстаўнікамі прафашысцкіх незарэгістраваных арганізацый "Белая воля" і "Белая Русь".
Нагадаем, 4 лістапада падчас мінання калоны Сацыяльнага маршу на скрыжаванні вуліц Якуба Коласа і Сурганава ў Менску група маладых людзей, апранутых у чорнае (50 чалавек), аддзялілася ад агульнай калоны ўдзельнікаў і наладзіла бойку на падарожнай частцы. Шмат хто з іх выкрыквалі фашысцкія лозунгі.