BE RU EN

Фільм Кіры Муратавай зьнялі з «Лістапада» з-за Лукашэнкі?

  • 6.11.2007, 9:01

Фільм Кіры Муратавай «Два ў адным» раптоўна зьнялі з праграмы фестывалю «Лістапад» па загадзе Міністэрства культуры. У ім секунд на трыццаць з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка: ён віншуе беларускі народ з Новым годам. Персанажы карціны глядзяць у гэты час тэлевізар і герой Багдана Ступкі (знакамітага і прызнанага ўкраінскага артыста) вымаўляе: «В-в-відный мужчіна!».

Беларускі кінакрытык Максім Жбанкоў, калі даведаўся ад нас, што фільм знялі, доўга здзіўлена смяяўся. Менавіта яму належаць словы «Падзея здзейснілася: бацька нацыі «дэбюдатаваў» у вялікім кіно. Праўда, не ў нашым». Кулуарныя крыніцы распавялі “Еўрарадыё”, што менавіта з-за гэтых слоў было вырашана перагледзець кіно Кіры Муратавай і потым зняць яго з фестывалю.

Кінакрытык называе кіно «Два ў адным» «звычайным сюрным Муратаўскім фільмам».

«Гэта звычайнае Муратаўскае сюрнае кіно. Па структуры фільм падобны да яе папярэдняй працы «Тры гісторыі», толькі тут дзве гісторыі. То бок гэта дзве навэлы са скразнымі персанажамі. Дзея першай адбываецца ў тэатры, дзе раптоўна высвятляецца, што ў касцюме герцага павесіўся адзін з маладых акцёраў. А другая навэла па сцэнары Рэнаты Літвінавай — навагодняя фантасмагорыя для траіх, дзе дарослая дачка пажылога эратамана заваблівае ў хату сваю сяброўку, каб даставіць задавальненні бацьку, які лічыць, што гэта ёсць жанчына яго жыцця. То бок гэта нармальны такі Муратаўскі абсурдысцкі балаганчык. Гэта не прарыў і не абсалютна дрэнна. Але на фестывалі — я ўпэўнены — фільм Муратавай быў бы адным з самых яскравых элементаў праграмы», -- паведаміў кінакрытык.

Арганізатары фестывалю дзякуюць Богу, што з Кірай Муратавай яны дагэтуль не змаглі стэлефанавацца. Цяпер ім не трэба выбачацца перад ёй і неяк тлумачыць, чаму «Два ў адным» выкраслілі з праграмы «Лістапада».

«Герой кажа «В-в-відный мужчіна!» Банальная такая фраза. І вырашылі, што яна ачарняе гонар і годнасць прэзідэнта, ці Рэспублікі Беларусь… І таму яго знялі з «Лістапада» на мінулым тыдні. Быў пярэпалах у Міністэрстве культуры. І быў нават кантакт нейкі з Міністэрствам культуры Украіны. Калі праглядалі гэты фільм, дарэчы, нічога крамольнага ж не пабачылі. А тут гэтыя артыкулы ў Інтэрнэце… Мы ў шоку, спрабавалі вярнуць фільм, але не», -- кажуць арганізатары.

Аматары Кіры Муратавай, канечне, паглядзяць фільм і так, на DVD. Дзякуй Богу, ён не патрапіў у спіс забароненых для распаўсюду.

Апошнія навіны