Упершыню сталі вядомыя прыбыткі «Velcom»
- 6.11.2007, 11:13
Упершыню агучаныя фінансавыя дадзеныя па працы беларускага аператара сотавай сувязі "Мобильная цифровая связь". Фінансавыя паказчыкі працы ІП "МЦС" апублікавала на афіцыйным сайце аўстрыйская кампанія Telekom Austria.
Публікацыя стала магчымай у сувязі з складзеным 3 кастрычніка гэтага года пагадненнем коштам 730 млн. EUR па куплі 70% кіпрскай кампаніі SB Telecom, якая цяпер з'яўляецца ўладальнікам беларускага аператара мабільнай сувязі ІП "МЦС", піша газета "Белорусы и рынок".
Паводле дадзеных Telekom Austria, выручка кампаніі МЦС за 2004 год склала 133,5 млн. EUR, у 2005 годзе – 199,4 млн. EUR, у 2006 годзе – 262,6 млн. EUR.
Паказчык EBITDA (earnings before interest, tax, depreciation and amortization – прыбыткі без выліку падаходнага падатку і амартызацыі) у кампаніі МЦС у 2004–2006 гады склаў 76,4 млн., 117,2 млн. і 158,8 млн. EUR адпаведна.
Аперацыйны прыбытак беларускага сотавага аператара ў 2004–2006 года склаў 40,5 млн., 74,9 млн. і 113,8 млн. EUR адпаведна. Чысты прыбытак кампаніі склаў 30,9 млн. EUR у 2004 годзе, 56,7 млн. EUR у 2005 годзе і 82,8 млн. EUR у 2006 годзе. Капітальныя выдаткі аператара павялічыліся з 41,7 млн. EUR у 2004 годзе да 75,9 млн. EUR у 2005 годзе і 76,1 млн. EUR у 2006 годзе.
Адзначым яшчэ раз, што найбуйнейшае ў гісторыі айчыннай прыватызацыі пагадненне па продажы другой па велічыні тэлекамунікацыйнай кампаніі ў Беларусі – ІП "МЦС" – здзейсненая пры поўнай адсутнасці афіцыйнай інфармацыі з боку Менска.
Прапанову прадаць Velcom А. Лукашэнка ўпершыню публічна агучыў у адным з сваіх выступаў у красавіку гэтага года. Тады ён заявіў, што яму прапанавалі прадаць дзяржаўную долю аператара за 300-500 млн. USD. У траўні А. Лукашэнка сустракаўся з кіраўніком SB Telecom Ідам Самаві, але тады ў афіцыйным паведамленні не было нават намёку на пагадненне, якое рыхтуецца.
Тым не менш ужо ў жніўні кіпрская кампанія SB Telecom стала адзіным уладальнікам МЦС – пасля таго як выкупіла долю дзяржавы і дзяржструктур у статутным фондзе гэтага прадпрыемства.
Афіцыйны Менск дагэтуль не каментуе дадзенае пагадненне. Але захаваць маўчанне вакол яго не дазваляе замежнае заканадаўства. Telecom Austria з'яўляецца адкрытым акцыянерным таварыствам і, згодна з заканадаўствам, абавязанае публікаваць фінансавыя вынікі сваёй дзейнасці.
Даведка "БР"
ІП "Мобильная цифровая связь" створанае ў 1998 годзе. Раней долі ў кіраванні кампаніяй былі размеркаваныя наступным чынам: дзяржпрадпрыемства "Белтэлекам" – 31%, ЗАТ "Белтэхэкспарт" – 20% і кіпрская кампанія SB Telecom Ltd – 49%. У жніўні 2007 г. кампанія паведаміла пра рэгістрацыю ў відзе замежнага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства па аказанні паслуг "Мобильная цифровая связь". Па стане на 1 кастрычніка абаненцкая база аператара налічвае 3,835 млн. чалавек.
У Беларусі цяпер працуюць чатыры аператары мабільнай сувязі: МЦС, МТС ("Мабільныя Тэлесістэмы"), БеСТ і "БелСел".