BE RU EN

Пачатак будаўніцтва Nord Stream адкладаецца

  • 6.11.2007, 15:05

Кіраўнікі расейскага Газпрома і галандскай Gasunie падпісалі сёння комплекснае пагадненнем па ўзаемным удзеле ў праектах Nord Stream і газаправода ВВL паміж Нідэрландамі і Вялікабрытаніяй. Аднак пачатак пракладкі Nord Stream пераносіцца на паўгода.

З падпісаннем пагаднення Gasunie становіцца чацвёртым удзельнікам Nord Stream, які дагэтуль з'яўляўся сумесным праектам расейскага Газпрома (51% акцый аператара праекту Nord Stream) і нямецкіх BASF і E.ON (па 24,5% акцый). Галандская кампанія атрымоўвае 9% у праекце – па 4,5% з доляў нямецкіх партнёраў.

Паводле дакумента, Газпром атрымоўвае апцыён на набыццё 9% у праекце Balgzand Bacton Line /BBL/ – газаправода магутнасцю 20 млрд куб м, які звязвае Нідэрланды з Вялікабрытаніяй.

Дададзім, што ўдзел галандскай кампаніі ў праекце Nord Stream неабходны быў Расеі для забеспячэння палітычнай падтрымкі праекту ў Еўропе.

Тым часам, паводле інфармацыі Інтэрфакс, пачатак пракладкі Nord Stream пераносіцца на паўгода, то бок, на ліпень 2009 года. Пра гэта заявіў тэхнічны дырэктар Nord Stream AG Сяргей Сердзюкоў.

Паводле яго слоў, перанос пачатку будаўніцтва звязаны з працэсам неабходнасці ўзгаднення праекту ў краінах балтыйскага рэгіёна.

Нагадаем, раней Швецыя патрабавала змяніць маршрут Nord Stream і адсунуць трубаправод далей ад сваіх берагоў, аргументуючы гэта магчымай небяспекай праекту для экалогіі.

Апошнія навіны