BE RU EN

Хто на гэты раз возьмецца за яйкі?

  • 6.11.2007, 18:31

У Гомелі ўпершыню за шмат гадоў – недахоп прадуктаў, найперш зьніклі яйкі. Як мы паведамлялі ўчора – дэфіцыт яек адчулі жыхары Брэста.

Да нядаўняга часу на Цэнтральным рынку абласнога цэнтру яйкі прадавалі, сама меней, дзесятак гандляроў. І курыныя, і перапёлчыны. Прычым, ня толькі мясцовых вытворцаў, але й менскай птушфабрыкі, паведамляе “Радыё Свабода”.

Сёньня ўдзень маладая прадавачка папярэджвала пакупнікоў, каб чаргу не займалі, бо ўжо усё прададзена.

У Гомельскім аблспажыўсаюзе, якому належыць Цэнтральны рынак, зьдзіўляюцца адсутнасьці ў продажы яек.

Намесьнік старшыні аблспажыўсаюзу Сяргей Марчук кажа, што нават не “гатовы адказаць на гэтае пытаньне. Але праблемаў рэалізацыі дагэтуль не было”.

Між тым дэфіцыт яек на рынках наўпрост зьвязаны з рашэньнем беларускага ўраду забараніць прадпрымальнікам гандляваць гэтым таварам.

Як тлумачыць кіраўніца аддзелу Белкаапсаюзу Сьвятлана Цітова, зніклі не яйкі, а тыя, хто імі гандляваў, бо паводле “зьменаў пастановы Саўміну №1623 пра забарону продажу яек усімі, акрамя вытворцаў, зараз гандляваць на рынках Гомелю можа вытворчае аб’яднаньне “Птушкапрам”, але яно своечасова не прыняло меры, каб мець свае гандлёвыя месцы на гэтых рынках і папярэдзіць дэфіцыт”.

Апошнім часам у крамах прыкметна зьменшыўся й асартымэнт малочных прадуктаў. Да прыкладу, сёньня апоўдні ў харчовай краме “Космас”, што непадалёку ад Цэнтральнага рынку Гомеля, не было таннага малака. Стаяла толькі ў пачках стэралізаванае малако “Савушкін прадукт” з Берасьця. Не было і менскага тварагу з разынкамі, салодкіх сыркоў. Адсутнічаў дастатковы выбар цьвёрдых сыроў.

Беларусы ўсё часьцей узгадваюць словы Лукашэнкі падчас дэфіцыта прадуктаў у 1990-х: “Толькі ўзяўся за яйцы, масла прапала”...

Апошнія навіны