BE RU EN

Беларуская віза не падаражэе да 60 еўра. Інакш да нас ніхто не паедзе

  • 8.11.2007, 9:00

У сувязі з уступленнем з 1 студзеня 2008 года шэрагу дзяржаў Еўразвяза ў Шэнгенскую зону Беларусь не плануе павялічваць кошт беларускай візы да 60 еўра. Пра гэта паведаміў сёння начальнік пашпартна-візавага аддзела консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Ігар Сакрэта на круглым стале, прысвечаным актуальным пытанням турызму, на выставе "Турбізнэс-2007" у Менску.

Паводле яго слоў, улічваючы нацыянальныя інтарэсы, Беларусь разглядае ўжыванне некаторых мер у пытанні павелічэння кошту беларускай візы, аднак падвышаць да 60 еўра не плануе. Краіна зацікаўленая ў развіцці ўязнога турызму, падкрэсліў Ігар Сакрэта.

З 1 студзеня 2008 года ў зону Шэнгенскага пагаднення ўвойдуць дзевяць краін: Літва, Латвія, Польшча, Вугоршчына, Чэхія, Славаччына, Эстонія, Мальта і Славенія. Швейцарыя, якая таксама павінна была ўвайсці ў Шэнген, адкладае тэрмін свайго ўступлення меркавана да 1 лістапада 2008 года.

Па словах прадстаўніка МЗС, з моманту далучэння дадзеных краін да Шэнгенскага пагаднення, грамадзяне Беларусі пры паездцы ў гэтыя дзяржавы павінны будуць выплаціць 60 еўра за выдачу візы незалежна ад мэты паездкі і яе кратнасці. Працэдура афармлення і парадак выдачы таксама будуць ускладненыя. Ігар Сакрэта адзначыў, што, нягледзячы на шматлікія перамовы з краінамі-суседзямі Беларусі на прадмет паніжэння кошту віз, "ніякіх зрухаў у гэтым дачыненні не прадбачыцца". Шэнгенскае пагадненне не дапускае магчымасці льготнага афармлення віз акрамя трох катэгорый грамадзян: дзяцей да 6 гадоў, удзельнікаў навуковых, адукацыйных і культурных абменаў, навуковых кіраўнікоў і студэнтаў, якія заязджаюць у краіны Шэнгенскай групы для навучання альбо для падвышэння кваліфікацыі. Турысты не ўваходзяць у катэгорыі грамадзян, якія могуць атрымоўваць візы па льготных прычынах.

Апошнія навіны