BE RU EN

Беларусь рэзка падвышае цэны на калій

  • 8.11.2007, 9:14

Беларуская калійная кампанія (БКК), якая кантралюе траціну сусветнага рынку калійных угнаенняў, аднавіла экспарт калію, але рэзка падвысіла цэны для Бразіліі і краін Азіі. Пра гэта сказанае ў паведамленні расейскай кампаніі Уралкалій, якая кантралюе БКК разам з РУП ПА Беларуськалій.

З пачатку 2007 г. БКК ужо двойчы падвышала для сваіх галоўных спажыўцоў цэны, якія пераадолелі псіхалагічна важную мяжу ў 300 даляраў у сярэдзіне года. Цэны на беларускі калій уплываюць на ўмовы паставак для спотавага рынку. Спотавыя цэны для азіяцкіх рынках падвышаюцца з моманту абвяшчэнне пра гэта на 40 даляраў – да 400 даляраў за тону, а для Бразіліі, пачынаючы з 1 студзеня 2008 г. на 55 даляраў – да 400-410 даляраў за тону ў залежнасці ад аб'ёму, які закупляецца, паведамляе БелаПАН.

БКК апавясціла Уралкалій, што рост цаны звязаны з значным попытам на найважнейшых рынках пры складанай сітуацыі з прапановай, а таксама ў выніку падвышэння ставак фрахту. У жніўні 2007 г. БКК паведамляла, што не выключае далейшага росту цэн на сваю прадукцыю, звязаўшы з павелічэннем вытворчасці біяпаліва і пашырэннем сельскагаспадарчых плошчаў у шэрагу рэгіёнаў свету.

У кастрычніку другі па велічыні расейскі вытворца калійных угнаенняў «Сільвініт», якога Менск таксама хацеў бачыць у складзе БКК, заявіў, што можа спыніць пастаўкі з лістапада з прычыны прасядаючага чыгуначнага адгалінавання – адзінага, якое звязвае прадпрыемства з Транссібам.

БКК створаная ў красавіку 2005 г. Уралкаліем і Беларуськаліем на парытэтнай аснове. На з'яўленні экспарцёра настойваў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка з мэтай выключыць з продажу ўгнаенняў пасярэднікаў. Перад БКК таксама ставілася задача атрымаць кантроль на сусветным рынку калійных угнаенняў.

Апошнія навіны