BE RU EN

Іран называе сваю ядзерную праграму «незваротнай»

  • 8.11.2007, 12:59

Ядзерная праграма Ірана з'яўляецца "незваротнай", сказаў у сераду прэзідэнт Ісламскай рэспублікі Махмуд Ахмадзінежад. Ён паўтарыў, што цяпер у Ірана на падземным ядзерным аб'екце ў Натанце ёсць 3.000 цэнтрыфуг, якія выкарыстоўваюцца для ўзбагачэння ўрану.

Узбагачаны ўран можна выкарыстоўваць як паліва і як матэрыял для вытворчасці ядзернай зброі. Заходнія эксперты лічаць, што 3.000 цэнтрыфуг, якія працуюць увесь час, могуць вырабіць неабходную для стварэння атамнай бомбы колькасць узбагачанага ўрану цягам года і стварыць аснову для вытворчасці ядзернага паліва "ў прамысловых маштабах".

"Іран увайшоў у стадыю (вытворчасці) ядзернага паліва ў прамысловых маштабах, і прагрэс іранскага народа незваротны", – сказаў Ахмадзінежад.

Прэзідэнт Ірана, які аспрэчвае заявы ЗША пра тое, што яго дзяржава спрабуе распрацаваць атамную бомбу, заявіў у верасні, што кожны тыдзень Тэгеран уводзіць у працу новыя цэнтрыфугі.

Цяпер у Ірана ёсць амаль 3.000 усталяваных і падзеленых на 18 каскадаў цэнтрыфуг, лічаць дыпламаты і аналітыкі, але гэта пакуль не гаворыць пра тое, што ўсе яны працуюць, або, што ўсе яны запоўненыя ўранам для ўзбагачэння.

"Іран, мабыць, навучыўся кіраваць асобнымі каскадамі, але пакуль не можа апераваць вялікай іх колькасцю адначасова", – напісалі аналітыкі Дэвід Олбрайт і Жаклін Шайр у штомесячным выпуску Arms Control Today.

"...Ірану, верагодна, спатрэбіцца некалькі месяцаў, каб зрабіць (3.000 цэнтрыфуг) цалкам дзейнымі".

На мінулым тыдні Вялікабрытанія, Францыя, Нямеччына, ЗША, Расея і Кітай вырашылі адкласці ўвядзенне санкцый ААН супраць Ірана да наступнай сустрэчы, якая адбудзецца 19 лістапада. Падчас гэтай сустрэчы будуць разгледжаныя даклады кіраўніка МАГАТЭ Махамеда Аль Барадэі і камісара Еўразвяза па знешняй палітыцы Хаўера Саланы, прысвечаныя таму, як Іран выконвае патрабаванні Савета Бяспекі ААН.

У кастрычніку ЗША дастасавалі да Ірана аднабаковыя эканамічныя санкцыі і не выключаюць вайсковых дзеянняў супраць Ірана, калі дыпламатычныя намаганні не дапамогуць прыпыніць ядзерную праграму Ісламскай рэспублікі.

Аднак дыпламаты з іншых краін хочуць ведаць, як прасоўваюцца перамовы паміж Іранам і МАГАТЭ.

"Мы гатовыя да перамоваў, але мы ніколі не абмяркоўваем нашу незалежнасць і правы", – сказаў Ахмадзінежад.

Апошнія навіны