Беларусь можа падвысіць цэны на транзіт расейскай нафты
- 8.11.2007, 17:16
Беларускае нафтатранспартнае прадпрыемства «Гомельтранснафта «Дружба» разлічвае, што ў 2008 годзе будуць падвышаныя тарыфы на транзіт нафты па сістэме магістральных нафтаправодаў «Дружба».
«У сабекошце прац і паслуг па забеспячэнні транзітнай прапампоўкі нафты па тэрыторыі Беларусі каля 50% займаюць энергарэсурсы. Зразумела, што з ростам уваходнай цаны на прыродны газ энергетычны складнік павялічыцца. Каб рост цэн на электраэнергію, які адбудзецца з ростам цаны на газ, не адбіўся на фінансавых паказчыках працы прадпрыемства, тарыфы на транзіт таксама павінны быць павялічаныя», – паведаміла «Інтэрфаксу» крыніца ў «Гомельтранснафта «Дружба».
Паводле яго слоў, пытанні падвышэння тарыфаў знаходзяцца ў вядзенні міністэрства эканомікі Беларусі, і меркаванне нафтатранспартнага прадпрыемствы да Мінэканомікі было даведзенае.
Пры гэтым прадстаўнік «Гомельтранснафты» не ўдакладніў, наколькі будуць падвышаныя тарыфы. Паводле яго слоў, «усё будзе залежыць ад уваходнай цаны на газ у 2008 годзе».
Нагадаем, з 15 лютага 2007 года тарыфы на транзіт нафты па тэрыторыі Беларусі былі падвышаныя больш як на 30% – да 0,6 даляра за 1 тону/100 км. Да гэтага часу тарыфы заставаліся нязменнымі з 1995 года.
Праз Беларусь штогод транспартуецца 70-72 млн тон расейскай нафты, у асноўным па трубаправодзе «Гомельтранснафта «Дружба». Паводле дасягнутых паміж Беларуссю і Расеяй дамоўленасцяў, беларускі бок абавязаны загадзя апавясціць расейскі пра падвышэнне тарыфаў, якое рыхтуецца.