Самавольства ЖЭСаў: беларусы плацяць двойчы
- 9.11.2007, 11:39
8 лістапада з калектыўнай скаргай група жыхароў Гомеля звярнулася да міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Уладзіміра Белахвостава з нагоды незахавання заканадаўства мясцовымі камунальнымі арганізацыямі.
Як паведаміў БелаПАН грамадскі актывіст, адзін з ініцыятараў звароту Андрэй Аксёнаў, галоўнае патрабаванне да міністра – абавязаць усе гарадскія жыллёва-камунальныя арганізацыі ў самы блізкі час правесці бягучыя рамонты пад'ездаў шматкватэрных дамоў згодна з заканадаўствам.
Па словах А.Аксёнава, зварот да міністра выкліканы практыкай змушанага долевага ўдзелу жыхароў у рамонце месцаў агульнага карыстання шматкватэрных дамоў.
"У домакіраўніцтве нам кажуць, што на рамонты няма сродкаў, нягледзячы на тое, што кожны месяц мы спраўна пералічваем грошы. А нам заяўляюць – хочаце рабіць рамонт, аплачвайце частку выдаткаў. Раённыя ўпраўленні проста грэбуюць сваімі абавязальніцтвамі па дачыненні да жыхароў", – заявіў А.Аксёнаў.