BE RU EN

Бой Ляховіча з Валуевым адбудзецца ў Нямеччыне

  • 9.11.2007, 15:45

Бой двух экс-чэмпіёнаў свету – Мікалая Валуева і Сяргея Ляховіча за пазіцыю на званне афіцыйнага прэтэндэнта на тытул WBA ў суперцяжкай вазе, хутчэй за ўсё, адбудзецца 16 лютага 2008 года.

Правы на правядзенне бою паміж беларускім баксёрам Сяргеем Ляховічам і расейцам Мікалаем Валуевым на аўкцыёне, які адбыўся ў Панаме, выкупіла прамоўтэрская кампанія Sauerland Event, што заплаціла за гэта $670 тыс. Як заявіў у прэсе выканаўчы дырэктар кампаніі Крыс Майер, сустрэча, хутчэй за ўсё, адбудзецца ў Нямеччыне, аднак дакладнае месца і дата вызначацца на наступным тыдні.

Пераможца гэтага бою атрымае права аспрэчыць тытул чэмпіёна свету ў суперцяжкай вагавой катэгорыі па версіі Сусветнай баксёрскай асацыяцыі (WBA), якім цяпер валодае ўзбек Руслан Чагаеў.

Абодва баксёры – Ляховіч і Валуеў – яшчэ зусім нядаўна валодалі чэмпіёнскімі паясамі розных версій, аднак пазбавіліся тытулаў. Беларус 4 лістапада 2006 года не здолеў абараніць званне чэмпіёна свету Сусветнай баксёрскай арганізацыі (WBO), саступіўшы амерыканцу Шэнану Брыгсу. А расеец у красавіку гэтага года нечакана аддаў тытул наймацнейшага па версіі WBA ў бою з Русланам Чагаевым.

Цяпер гэтыя суперцяжкавагавікі займаюць у рэйтынгу прэтэндэнтаў на тытул кароны WBA адпаведна першае і другое месца.

Апошнія навіны