Прадпрымальнікі, на выхад
- 10.12.2007, 8:59
Сёння раніцай у Менску былі затрыманыя арганізатары мітынгу прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы Аляксандр Макаеў, Аляксандр Цацура і Віктар Крываль.
Пра гэта прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміў актывіст апазіцыі Вячаслаў Сіўчык. Паводле яго слоў, Макаева затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі наўпрост у яго кватэры. Яны ўварваліся ў кватэру, калі жонка Макаева адкрыла дзверы, каб праводзіць дзіця ў школу.
Падрабязнасці затрымання Віктара Крываля і Аляксандра Цацуры пакуль невядомыя.
8 снежня заяўніку акцыі Віктару Крывалю патэлефанавалі з упраўлення аховы правапарадку ГУУС Менгарвыканкама. Супрацоўнік міліцыі сказаў, што Віктар Крываль 10 снежня да 10 гадзін павінен з'явіцца ў пракуратуру г. Менска. А калі заяўнік мітынгу не прыйдзе, то міліцыя прымусова даставіць яго туды. «Перад намі пастаўленая такая задача», – адзначыў прадстаўнік ГУУС.
Тэлефонныя запрашэнні ў пракуратуру атрымалі і іншыя заяўнікі мітынгу – Алег Шабетнік, Аляксандр Цацура, Віктар Каляін, Аляксандр Макаеў і Аляксандр Таўстыка. Аднак, як паведаміў Віктар Крываль, «без пісьмовага апавяшчэння ніхто нікуды не збіраецца ісці».
У гэты самы дзень прадпрымальнік па позве, які яму ўручылі напярэдадні супрацоўнікі міліцыі, быў выкліканы ў пракуратуру Уздзенскага раёна. Намеснік пракурора Афанасенка В. М. прапанаваў заяўніку акцыі падпісаць папярэджанне аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванай акцыі 10 снежня ў Менску на Кастрычніцкай плошчы.
Віктар Крываль адмовіўся гэта зрабіць. Намеснік пракурора паклікаў паставога міліцыянта і ў яго прысутнасці ўручыў прадпрымальніку афіцыйнае папярэджанне.
Нагадаем, што акцыя прадпрымальнікаў павінна прайсці 10 снежня, а 12 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы Менска. Удзельнікі мітынгу маюць намер патрабаваць адмены некаторых указаў Лукашэнкі, якія значна ўскладнілі працу прыватнага бізнэсу ў краіне.