Мінпрам РФ: Цана на расейскі газ для Беларусі ў новым годзе падвысіцца
- 10.12.2007, 10:30
Цана на расейскі газ для Беларусі ў новым годзе падвысіцца, заявіў намеснік міністра прамысловасці і энергетыкі Іван Мацёраў. Расея называе лічбу 125 даляраў за тысячу кубічных метраў, аднак у рэальнасці яна можа апынуцца істотна вышэйшай.
Па дамоўленасці, дасягнутай паміж краінамі ў апошнія хвіліны 31 снежня 2006 года, цана на газ для Беларусі ў 2007 годзе павінна была заставацца фіксаванай, на ўзроўні 100 даляраў за 1000 кубаметраў. А вось з 2008 года канчатковую лічбу будуць вылічваць па спецыяльнай формуле, якая прывязвае кошт газу да сусветнай цаны на нафту, паведамляе NEWSru.com.
Базавай для разліку пры гэтым з'яўляецца цана на газ у Польшчы. У залежнасці ад яе змянення раз у квартал карэктавацца будзе і кошт для Беларусі. Калі б цана на газ у Польшчы захоўвалася ў рамках, якія ўсталяваліся ў трэцім квартале гэтага года (260 даляраў), то ў Беларусі яна склала б 120 даляраў. Гэта, аднак, наўрад ці здарыцца, бо нафта ў свеце даражэе з пужаючай быстрынёй, адпаведна расце і прывязаны да яе расейскі газ.
Роскід у ацэнках таго, колькі ж насамрэч будзе каштаваць расейскі газ, існуе даволі немалы. Усё залежыць найперш ад пункту гледжання таго ці іншага боку. Самі беларусы хацелі б купляць блакітнае паліва па 119 даляраў за тысячу кубаметраў. "Газпром" назваў цалкам іншую лічбу – 165 даляраў. Мінпрамэнерга Расеі кажа пра 125 даляраў, падкрэсліваючы пры гэтым, што гэта не больш як "грубы разлік".
Перыяд, калі Беларусь гандлявала палітычнымі стасункамі, спрабуючы выбіць нізкія цэны, застаўся ў мінулым, лічаць эксперты газеты. Рост цэн непазбежны, у Беларусі ўсвядомілі, што трэба мадэрнізаваць эканоміку, зніжаць энергаспажыванне, а не весці барацьбу за "правільную" цану.
Лукашэнка пачаў гаварыць пра неабходнасць уздыму атамнай энергетыкі ў краіне – гэта пэўны індыкатар таго, што ваяваць праз газ краіна больш не мае намеру, адзначае газета «Новые Известия».