BE RU EN

Праваабаронцу справадзілі ў псіхушку

  • 10.12.2007, 13:49

З 16 лістапада ў Браслаўскай абласной псіхіятрычнай лякарні "Слабодка" ўтрымліваецца Валер Міснікаў, былы выкладчык гісторыі і права з Віцебску. Праваабаронца, які сам сябе называў “грамадскім пракурорам”, неаднаразова падвяргаўся судовым перасьледам за сваю актыўную грамадскую дзейнасьць.

Апошнія дваццаць год быў прадстаўніком і назіральнікам у судах, выяўляў недахопы і злоўжываньні ў сістэме дзяржаўнай улады, гаспадарчых суб'ектаў і праваахоўных органаў. Усе атрыманыя зьвесткі даносіў да грамадскасьці і праваахоўных органаў, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Апошняя крымінальная справа супраць актывіста-праваабаронцы была ўзбуджана Віцебскай абласной пракуратурай па артыкуле 369 КК РБ за знявагу гонару і годнасьці асобы і прафесійных якасцяў начальніка арганізацыйна-кантрольнага аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці В. Балеевай і старэйшага следчага па найважнейшых справах пракуратуры Віцебскай вобласці саветніка юстыцыі А. Тыўтына і артыкулу 377 (частка 2) КК РБ за крадзеж двух тамоў крымінальнай справы з абласной пракуратуры.

21 ліпеня 2007 года Валер Міснікаў быў прымусова накіраваны Віцебскай пракуратурай на псіхіятрычную экспертызу. Вынікам экспертызы для праабаронцы стаў дыягназ – паранаідальнае зьмяненьне асобы. На падставе дадзенага зняволеньня па рашэньні суду, паседжаньні якога былі зачыненымі для грамадскасьці, Міснікаў быў накіраваны на прымусовае лячэньне ў спецыяльную закрытую лячэбную ўстанову. Пакуль што на 6 месяцаў.

На жаль, метады карнай псіхіятрыі на Беларусі ўсё часцей і часцей вяртаюцца ў арсенал сродкаў падаўленьня іншадумства. Дастаткова прыгадаць прымусовае утрыманьне ў псіхіятрычным шпіталі актывісткі Крысьціны Шацікавай. Гэтыя цемрашальскія метады ўздзеяньня на асобу неаднаразова асуджаліся міжнароднай грамадскасьцю і еўрапейскімі псіхіятрамі.

Кароткая даведка: Валер Міснікаў у 1985 годзе скончыў адначасова гістарычны і юрыдычны факультэты БДУ. Жыў і працаваў у Віцебску. Зараз утрымліваецца ў Браслаўскай абласной псіхлячэбніцы "Слабодка”.

Апошнія навіны