Віктар Івашкевіч і прадпрымальнікі застаюцца ў турме да суду
- 10.12.2007, 18:18
Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і затрыманыя лідэры прадпрымальнікаў Віктар Гарбачоў, Віктар Крываль, Віктар Калей, Аляксандр Цацура, Аляксандр Макаеў, дэмакратычныя актывісты Барыс Гарэцкі, Крысціна Шацікава і Аляксей Кашкараў затрыманыя да суду, які павінен прайсці 11 снежня.
Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 праваабаронца Уладзімір Лабковіч, цяпер затрыманым шукаюць адвакатаў.
У РУУС Маскоўскага знаходзяцца кіраўнік кампаніі «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў і актывістка Крысціна Шацікава. У дачыненні прадпрымальніка склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Ён даслаў SMS-паведамленне, што заўтра а 10 раніцы ў яго суд.
У тым жа РУУС знаходзіцца і заяўнік мітынгу Аляксандр Макаеў, затрыманы да пачатку акцыі. Як паведаміў прадпрымальнік прэс-службе АГП, яго знялі на відэа дзве камеры – міліцэйская і яшчэ адна, невядомага ведамства. Ён прайшоў дактыласкапію.
Яшчэ адзін заяўнік акцыі, Аляксандр Цацура, таксама затрыманы да пачатку акцыі, знаходзіцца ў РУУС Цэнтральнага раёна. Туды ж дастаўленыя намеснік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч, карэспандэнт радыё «Рацыя» Барыс Гарэцкі і ўдзельнік мітынгу Аляксей Кашкараў.
У РУУС Савецкага раёна знаходзіцца заяўнік мітынгу Віктар Крываль. Актывіст кампаніі "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва" Мікола Пахабаў пасля праверкі асобы праз тры гадзіны быў вызвалены з Савецкага РУУС.
Заяўнік мітынгу Віктар Калей знаходзіцца ў РУУС Ленінскага раёна.
Мабільныя тэлефоны затрыманых адключаныя.
Нагадаем, што 10 снежня 1000 прадпрымальнікаў выйшлі на Кастрычніцкую плошчу Менска ў знак пратэсту супраць указаў Аляксандра Лукашэнкі, які з новага года знішчыць іх бізнэс. Прадпрымальнікі правялі мітынг, а пасля прайшлі да Дому ўраду, куды перадалі рэзалюцыю з патрабаваннем спыніць ціск на прыватны бізнэс.