BE RU EN

Віктар Калей: «Адыходзіць няма куды»

  • 11.12.2007, 10:19

Адным з заяўнікаў і арганізатараў агульнарэспубліканскага мітынгу індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП), які сабраў у панядзелак на Кастрычніцкай плошчы Менска больш за тысячу чалавек з усёй Беларусі, стаў Віктар Калей. На просьбу camarade. biz ён распавёў пра тое, што вывела людзей на плошчу і пра далейшыя салідарныя дзеянні індывідуальных прадпрымальнікаў у абарону сваіх правоў.

– Людзей вывеў на вуліцы падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам ўказ № 760, які ўступае ў дзеянне з 1 студзеня 2008 года. Самыя адважныя з індывідуальных прадпрымальнікаў, нягледзячы на ціск адміністрацый рынкаў, мясцовых улад і спецслужб, выйшлі заявіць, што прымусовае стварэнне прыватных унітарных прадпрыемстваў (ПУП) – гэта спроба расправіцца з ІП і пазбавіць працы сотні тысяч людзей. ПУП шматкроць узмоцніць падатковую нагрузку на прадпрымальнікаў, шмат з якіх і так ледзьве зводзяць канцы з канцамі. ПУП – гэта дадатковыя выдаткі на памяшканне для юрыдычнага адрасу, бухгалтарскі ўлік і справаздачнасць. ПУП – гэта шматразовае павелічэнне штрафаў за найменшую правіннасць. ПУП – гэта неабходнасць наяўнасці дакументаў на любую, нават самую мінімальную партыю тавару, сыравіны, расходных матэрыялаў.

Словам, ПУП – гэта немінучае спусташэнне дзесяткаў тысяч прадпрымальнікаў. А застацца ў статусе ІП большасці не дазваляе няшчасны ўказ. Ён патрабуе, каб індывідуальны прадпрымальнік меў у працаўніках толькі абмежаваную колькасць сваякоў. А куды, пытаецца, дзявацца «несваякам», асабліва ў малых гарадах, дзе іншай працы не знайсці? Як могуць абысціся без наёмных «несваякоў» ІП з ліку маці-адзіночак, цяжарных і кормячых жанчын?

Указ паставіў шматлікія сем'і на мяжу выжывання. Таму і ўзнік пратэст. Ён выявіўся не толькі ў Менску, але і ў іншых вялікіх і малых гарадах краіны. Сотні людзей сёння прыйшлі ў цэнтры занятасці, каб стаць на ўлік як беспрацоўныя. Прайшлі акцыі пратэсту і ля мясцовых органаў улады.

Мэта ўсіх выступаў ІП – адмена неканстытуцыйнага ўказу. Свае патрабаванні мы перадалі ў "палату прадстаўнікоў" будзем дамагацца іх выканання. Калі ўлада не пойдзе нам насустрач, негвалтоўныя дзеянні з боку індывідуальных прадпрымальнікаў будуць працягнутыя. З 1 студзеня 2008 года тысячы ІП гатовыя сысці ў гарантаваны Канстытуцыяй чарговы водпуск з няплатай адзінага падатку. Адыходзіць няма куды. Калі адступім, у краіне вырасце беспрацоўе, памножацца галодныя сем'і, вырастуць чэргі ў крамах, пацерпяць не толькі індывідуальныя прадпрымальнікі, але і пакупнікі тавараў, – заявіў Віктар Калей.

Апошнія навіны