Службоўцы баяцца сацыяльных пратэстаў
- 12.12.2007, 9:52
У Баранавічах заяўнікам пікетаў супраць адмены сацыяльных ільгот тэлефануюць мясцовыя службоўцы і прапаноўваюць адмовіцца ад правядзення акцый.
Гэтымі днямі патэлефанавалі двум заяўнікам-актывістам ПКБ прадстаўнікі гарвыканкама і ўгаворвалі забраць свае заяўкі на правядзенне пікетаў. "Такія "гутаркі" мы расцэньваем як адну з форм ціску мясцовых улад на прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў", – заявіў БелаПАН сябра ЦК Партыі камуністаў Беларускай Віктар Цяпін.
Усяго ў Баранавічах актывісты гарадской структуры ПКБ падалі 11 заявак на пікетаванне 16 снежня, у дзень салідарнасці з палітвязнямі і напярэдадні ўступлення ў сілу закона "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян".
"Дагэтуль на ніводную заяўку афіцыйнага адказу з гарвыканкама не атрымалі. Хоць па законе адказы павінны быць дадзеныя не пазней, як за пяць дзён да прызначанага ў дакуменце мерапрыемства", – падкрэсліў В.Цяпін.
Як удакладніў палітык, усе заяўкі былі пададзеныя своечасова, у іх адзначанае месца, якое афіцыйна вызначанае гарвыканкамам для правядзення масавых мерапрыемстваў, – гарадскі парк культуры. Плануюць, што пікеты будуць праходзіць, змяняючы адзін аднаго, з 11 да 16 гадзін. У іх маюць намер узяць удзел прадстаўнікі аб'яднаных дэмакратычных сілаў рэгіёна.