BE RU EN

Страцілі сорам і сумленне

  • 12.12.2007, 10:04

У Гомелі затрыманая прадпрымальніца Ірына Камінская. Па дарозе ў суд жанчыне стала дрэнна.

Раней Ірыну Камінскую затрымлівалі 30 лістапада ў вёсцы Урыцкая, калі ў яе канфіскавалі 280 асобнікаў улётак пра акцыю прадпрымальнікаў у Дзень абароны правоў чалавека на Кастрычніцкай плошчы Менска. З гэтай нагоды быў складзены акт канфіскацыі і пратакол.

Пазней, напярэдадні акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у Менску, гомельская міліцыя наладзіла дзяжурства ля яе дому, а 11 снежня ўвечары Ірыну Камінскую затрымалі на вуліцы і адвезлі ў Гомельскі сельскі РАУС. Там яе дапыталі і склалі пратакол «аб пазапраўным распаўсюджванні друкаванай прадукцыі» (да 10 сутак адміністрацыйнага арышту).

«Я казала міліцыянтам: “Вы ж самі ведаеце, што ставіце мне ў віну тое, чаго я не здзяйсняла”. На іх было шкада глядзець. Яны чырванелі, разводзілі рукамі, і казалі: “Мы нічога не можам зрабіць: нам была дадзеная каманда зверху”», – распавяла Ірына прэс-службе АГП.

Пасля складання пратаколу І.Камінскую павезлі ў суд, але па дарозе ёй стала дрэнна і па стане здароўя пасяджэнне суду перанеслі на панядзелак, 17 снежня. У гэты дзень гомельскія прадпрымальнікі правядуць перад будынкам суду акцыю падтрымкі.

Апошнія навіны