Шахцёры ўстрывожаныя
- 12.12.2007, 16:50
Шахцёры першай рудні РУП ПА «Беларуськалій» устрывожаныя. На тых з іх, хто ўдзельнічаў у верасні ў так званым «італьянскім» страйку, пачаўся ціск з боку кіраўніцтва.
У «італьянскім» страйку (шахцёры спусціліся ў забой, але да працы не прыступілі) удзельнічала прыкладна траціна шахцёрскіх брыгад у верасні 2007 года. Страйкам працоўныя выказвалі пратэст супраць прынятага «парламентам» праекту адмены выплаты льготных пенсій для тых, хто застаецца працаваць у шкодных умовах, нагадвае BulletinОnline.
Кіраўніцтва наўпрост ўдзельнікаў страйку не вінаваціць, але спрабуе наладзіць тым, хто адстойвае свае правы, «цяжкае жыццё».
Па словах аднаго з шахцёраў першай рудні Аляксандра, «пачаліся неабгрунтаваныя прыдзіркі, заўвагі, відавочнае імкненне знайсці хоць нейкі недагляд у працы. Прычым робіцца гэта тонка, што юрыдычна пакуль ні да чаго не прычэпішся. Аднак пры жаданні выявіць парушэнне тэхнікі бяспекі, напрыклад, заўсёды можна. Раз, другі – і скасаванне кантракту», – гаворыць Аляксандр.
Другі шахцёр, у якога апошнім часам узніклі тыя самыя праблемы, лічыць, што кіраўніцтва рудні мае намер наладзіць «цяжкае жыццё» ўсім, каго так ці інакш можна абвінаваціць у палітычнай «нядобранадзейнасці». Па словах шахцёра, начальнік сярэдняга звяна яму заявіў, што «звольніць, можа і не звольняць, але пострах будзе».