Ім весела
- 13.12.2007, 16:03
Больш за сотню супрацоўнікаў АМАПа і міліцыі былі кінутыя ўчора супраць беларусаў, якія выйшлі на Кастрычніцкую плошчу Менска, каб узяць удзел у акцыі «За незалежную Беларусь!».
Амапаўцы паводзілі сябе вельмі жорстка – груба выштурхваючы людзей з плошчы, яны наносілі кулакамі і нагамі ўдары па дэманстрантах, сярод якіх былі і маладыя дзяўчаты, і пажылыя жанчыны. Па-варварску тапталі нацыянальныя і афіцыйныя дзяржаўныя сцягі, гучна і брудна абражалі людзей.
Пасля збівання АМАПАм у 9-ы шпіталь Менска патрапіў лідэр «Маладога Фронту» Зміцер Хведарук. Амапаўцы піхнулі хлопца, падаючы, ён ударыўся галавой аб асфальт. Па ляжачым без прытомнасці на зямлі чалавеку яны ў дадатак прайшліся нагамі. «Хуткую дапамогу» Хведаруку выклікалі журналісты.
Сёння Зміцер Хведарук ляжыць у шпіталі з страсеннем мозгу. Хочацца верыць, што не ўсе, але, судзячы па ўчорашнім вэрхалу на плошчы, шматлікія амапаўцы пачуваюцца цалкам камфортна ў гэтай жахлівай сітуацыі: збіваючы суайчыннікаў, якія хочуць свабоды для сваёй краіны, яны ўсміхаліся, весела «жартавалі» пра згвалтаванне дэманстрантак, абураліся, што не могуць адразу «ўламіць так, каб больш на плошчу не выходзілі».
Вельмі хочацца нагадаць супрацоўнікам менскага АМАПа вядомую ісціну: смяецца той, хто смяецца апошні…
Фота Арсеня Пахомава, Андрэя Лянкевіча, Юліі Дарашкевіч "Наша Ніва".


Фото Арсения Пахомова, Андрея Ленкевича, Юлии Дорошкевич "Наша Ніва".