BE RU EN

Стыхійныя пратэсты ў рэгіёнах

  • 16.12.2007, 19:15

Сёньня супрацоўнікі Пухавіцкага раённага аддзелу міліцыі затрымалі сябра Партыі камуністаў Беларускай Сяргея Абразоўскага. Адбылося гэта на грамадзкім мітынгу ў пасёлку Дружны.

“На мяне склалі пратакол. Абвінавацілі, што я нібыта парушыў парадак у арганізацыі і правядзеньні мітынгу. На гэта я даў аргумэнтаваны адказ: “Я прысутнічаў на стыхійным сходзе групы грамадзянаў. Адказваў на іх звароты”, - патлумачыў “Радыё Свабода” спадар Абразоўскі.

Напярэдадні пісьмовыя папярэджаньні ад міліцыі атрымалі і актывісты апазыцыі на Віцебшчыне.

“Ад самага ранку ўсе нашы актывісты дэмакратычных сіл у аўтобусах і маршрутных таксі зьвярталіся да пасажыраў: “Людзі добрыя! Заўтра ільготаў няма! Улада забараніла ільготы, але нішто не можа нам забараніць канстытуцыйнае права дэманстраваць вам паперу на забарону пікета і заклікаць вас да працягу супраціву гэтай уладзе”, - паведаміў “Радыё Свабода” Мікалай Петрушэнка з Талочына.

У Берасьці было забаронена 45 пікетаў. Людзей не пусьцілі нават на стадыён “Лякаматыў”. Апазыцыянэрам паведамілі, што тут быццам бы футбольны турнір.

“Актывісты БСДП (Грамада) і ПКБ (усяго 10 чалавек) прыехалі на стадыён “Лякаматыў”. Тэрыторыя стадыёну – вольная! Мы зафіксавалі гэта на фота і відэа. Цяпер будзем рабіць заявы ў пракуратуру і суд”, - гаворыць Ігар Маслоўскі.

Вынікі сёньняшніх акцыяў, як заявіў “Свабодзе” сябра Палітрады дэмсілаў Валеры Ўхналёў, будуць падсумаваныя ў Менску:

“Мы шмат будзем накіроўваць заяў у пракуратуру і суды. Напачатку тыдня – у панядзелак і аўторак – зьбяром усе афіцыйныя адмовы і большасьць зь іх будзем абскарджваць. Можна рабіць высновы, што ліквідацыя ільготаў не прымаецца насельніцтвам. А ўлада баіцца нават мірных пікетаў, каб людзі выйшлі і выказаліся на тое, што не згодныя з той палітыкай, якую праводзіць улада”.

Апошнія навіны