У шпіталі адмаўляюцца лячыць зьбітага АМАПам лідэра «Маладога Фронта»
- 17.12.2007, 10:36
Зьбатага АМАПам лідэра менскага “Маладога Фронту” Зьмітра Хведарука могуць выпісаць з шпіталю ў панядзелак. Пра гэта Зьмітру паведаміў галоўны лекар адзяленьня, дзе ляжыць хлопец.
“Насамрэч, па правілах чалавек з сатрасеньне галаўнога мозгу павінен ляжаць у шпіталі як мінімум тыдзень, але я не супраць – ужо прыскучыла, - каментуе Зьміцер, - да і лекарам, мабыць, будзе лягчэй. Яны мяне хацелі выпісаць ужо ў пяініцу, мяўляў, “зашмат народу да цябе ходзіць”, у суботу нават выклікалі міліцыю, бо мае сябры не хацелі разыходзіцца”.
Адчувае сябе Зьміцер яшчэ блага. “Нават сесьці без дапамогі ня можа з-за галаўнога болю, тым больш хадзіць. Вось можа хоць некалькі тыдняў адпачне, “- кажа маць Зьмітра Ірына.
Сам Зьміцер цьвёрда ўпэўнены: “Адпачну, набяруся новых сілаў – і зноў дзейнічаць, нельга ў гэты час складваць рукі. Жыве Беларусь!”
Нагадаем, актывіст Маладога Фронту Зьміцер Хведарук быў жорстка зьбіты АМАПАм ў час разгону акцыі “За незалежную Беларусь!” і непрытомным адвезены ў шпіталь, дзе Зьмітру паставілі дыягназ : закрытая чэрапна-мазгавая траўма, сатрасеньне мозгу, шматлікія драпіны й гематомы.