Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі перавысіла 3 мільярды даляраў
- 18.12.2007, 8:29
У студзені–кастрычніку 2007 года ў Беларусі сфармавалася адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі ў памеры 3 млрд. 166,3 млн. даляраў, паведамляе Міністэрства статыстыкі і аналізу.
За аналагічны перыяд 2006 года адмоўнае сальда складала 1 млрд. 654 млн. даляраў.
Велічыня адмоўнага сальда знешнегандлёвых аперацый Беларусі з Расеяй павялічылася з 5 млрд. 227,8 млн. даляраў за 10 месяцаў 2006 года да 6 млрд. 188,5 млн. даляраў за 10 месяцаў 2007 года.
Асноўнай крыніцай фармавання адмоўнага сальда знешняга гандлю таварамі з'яўляюцца экспартна-імпартныя аперацыі з прамежкавымі таварамі (энерганосьбіты, сыравіна, матэрыялы і камплектуючыя). У студзені–кастрычніку 2007 года ў краіну ўвезенае прамежкавых тавараў на 16,4 млрд. даляраў, або на 26,5% больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Экспарт прамежкавых тавараў склаў 13,3 млрд. даляраў (на 14,3% больш).
Велічыня адмоўнага сальда знешняга гандлю прамежкавымі таварамі павялічылася ў 2,3 разы. Энергетычныя тавары займаюць 47,6% экспарту і 46,7% імпарту прамежкавых тавараў. За 10 месяцаў на знешні рынак іх пастаўленае на 6 млрд. 335,2 млн. даляраў, што практычна адпавядае ўзроўню аналагічнага перыяду папярэдняга года (99,6%). Імпарт энергетычных тавараў склаў 7 млрд. 680,4 млн. даляраў (на 25,2% больш). Сальда знешняга гандлю энерганосьбітамі склалася адмоўнае ў памеры 1 млрд. 345,2 млн. даляраў. У студзені–кастрычніку 2006 года яно мела станоўчае значэнне і складала 227,2 млн. даляраў.
Істотны рост адмоўнага сальда знешняга гандлю энергетычнымі таварамі звязаны, найперш, з павелічэннем вартасных аб'ёмаў імпарту прыроднага газу (на 860,2 млн. даляраў) і нафты (на 746,9 млн. даляраў), выкліканым падвышэннем цэнаў на газ больш як у два разы, на нафту – на 24,8%, а таксама скарачэннем экспартных паставак нафты (на 206,9 млн. даляраў).
Іншых прамежкавых тавараў імпартаванае на 8 млрд. 763,7 млн. даляраў (на 27,6% больш, чым у студзені–кастрычніку 2006 года), экспартаванае – на 6 млрд. 982,8 млн. даляраў (на 31,9% больш). Велічыня адмоўнага сальда знешняга гандлю іншымі прамежкавымі таварамі павялічылася на 203,9 млн. даляраў.
Сальда гандлю інвестыцыйнымі таварамі склалася станоўчае ў памеры 357,6 млн. даляраў. У параўнанні з студзенем–кастрычнікам 2006 года яго велічыня павялічылася на 232,7 млн. даляраў.