BE RU EN

«Адрасная дапамога» горш за здзек

  • 18.12.2007, 9:52

«Адрасная дапамога» можа скласці ўсяго 1 тысячу рублёў (40 цэнтаў), але нават яе змогуць атрымаць толькі тыя, чый прыбытак не перавышае 185 тысяч рублёў.

Дарэчы, разлічваць на вялікія грошы не давядзецца: калі да гэтай сумы не будзе хапаць 1 тысячы рублёў, столькі дзяржава і даплоціць. А між тым неабходная для атрымання дзяржаўнай дапамогі даведка з БРТІ (яна каштуе 3.500) можа абысціся куджы даражэй. А студэнтам-платнікам ніякай дапамогі не будзе навогул.

Начальнік упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Валянціна Сяргеева расказала “Еўрарадыё”, што спачатку прыдзецца сабраць шэраг дакументаў, а пасля ўжо чакаць рашэння камісіі.

“Трэба звяртацца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароны па месцы жыхарства. Калі заяўнік прыйдзе з поўным пакетам дакументаў, якія пацвярджаюць прыбытак і склад сям’і, тады на працягу 5 дзён камісія прымае рашэнне, і на працягу 3 дзён яна паведамляе. І адразу ж пасля паведамлення наступае выплата”, - распавядае чыноўніца.

Журналіст Еўрарадыё паспрабавала атрымаць дзяржпадтрымку і звярнулася ва ўпраўленне сацыяльнай абароны Цэнтральнага раёна. Гісторыя, што я і муж працуем на поўную стаўку, але не дацягваем да БПМ здзівіла спецыяліста, і яна доўга не магла паверыць у такую рэальнасць. Пасля прапанавала прынесці ўсе даведкі.

Па ейных словах, гэта вельмі шмат дакументаў: “даведка аб прыбытках і ваша, і мужа, усіх членаў, уключаных у склад сям’і. Складаецца акт абследавання: вы прапісаны ў Цэнтральным раёне? І вы не здаяце пакой, гараж, прысядзібны ўчастак, бо будзе заказвацца даведка з БРТІ, і яна платная; копія заключэння шлюбу; даведка, што вы зарэгістраваны індывідуальным прадпрымальнікам ці не; потым даведка з ЖЭСа”, пералічыла супрацоўніца сацыяльнай службы.

Пасля таго, як мы пачулі такі доўгі спіс, вырашылі пацікавіцца: колькі каштуе такая папяровая валакіта? Аказалася, што дзяржава не пасквапіцца і зможа нават аказаць падтрымку ў 1 тысячу рублёў.

Выплочваць будуць розніцу паміж прыбыткам і бюджэтам пражытковага мінімума. Калі ў каго атрымаецца 184 тысячы, адпаведна і выплочваць будуць у месяц на аднаго чалавека тысячу з нечым. Такая дапамога будзе аказвацца 6 месяцаў.

Сітуацыю, у якой малазабяспечаная сям’я ўмудраецца вучыць дзіця на платным аддзяленні, у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны не лічаць складанай, таму разлічваць на падтрымку дзяржавы студэнту-платніку проста немагчыма.

У Міністэрстве статыстыкі таксама паведамілі, што у трэцім квартале ў краіне налічвалася 10% насельніцтва, прыбытак якога складае менш за 185.670 рублёў. Гэта значыць, што кожны дзесяты беларус знаходзіцца на парозе беднасці.

Апошнія навіны