BE RU EN

«Голас Амерыкі»: Беларусь лідзіруе сярод краін, дзе гвалт супраць журналістаў дапускаецца ўладамі

  • 18.12.2007, 12:15

Міклаш Харасці, які адказвае ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) за свабоду прэсы, лічыць, што ў шматлікіх былых камуністычных краінах Еўропы становішча ў гэтай галіне пагаршаецца. Выступаючы перад сябрамі Кангрэса ЗША, Харасці паведаміў, што апошнім часам некаторыя краіны постсавецкай прасторы пачалі абмяжоўваць свабоду слова ў інтэрнэт-выданнях.

Па словах Міклаша Харасці, у некаторых краінах, уваходных у АБСЕ, ідзе шырокамаштабны адыход ад лібералізацыі СМІ: «За тыя чатыры гады, што я займаю гэтую пасаду, я быў сведкам таго, як у некалькіх краінах рэзка пагоршылася сітуацыя з свабодай СМІ».

Харасці паведаміў, што АБСЕ дакументуе напады на прадстаўнікоў прэсы ў розных краінах, і першыя месцы па гэтым паказчыку займаюць Беларусь, Расея, Казахстан, Азербайджан і Узбекістан.

«Я сказаў бы, што найбольшая небяспека – гвалт супраць журналістаў, – кажа Міклаш Харасці. – Калі гаворка ідзе пра свабоду слова, існуе толькі адна акалічнасць страшнейшая за запалохванне, напады і забойствы: гэта тое, што запалохванне, напады і забойствы дапускаюцца ўрадам».

Выступаючы на слуханнях у Хельсінкскай камісіі ЗША, адказны супрацоўнік АБСЕ заявіў, у шматлікіх краінах адзіным спосабам атрымання рознабаковай інфармацыі застаецца Інтэрнэт, аднак некаторыя краіны постсавецкай прасторы імкнуцца абмежаваць доступ грамадзян да «сусветнай павуціны», сказаў Харасці: «Інтэрнэт знаходзіцца пад атакай як у заканадаўчым, так і ў практычным аспекце. Гэта ставіць пад пагрозу не толькі сучаснасць, але і будучыню свабоду прэсы».

Апошнія навіны