Будучы ўрад перагледзіць пагадненні сёньняшняга рэжыму
- 18.12.2007, 13:58
Партыя БНФ заяўляе, што выступае за «прыход сур'ёзных інвэстыцыяў і сучасных тэхналёгіяў, але супраць новых сакрэтных пактаў молатава-рыбэнтропа, калі без адкрытых тэндэраў, без сумленнай канкурэнцыі Беларусь кідаюць у "сфэру ўплыву" Расеі».
Заява распаўсюджаная з прычыны інфармацыі пра продаж нафтаперапрацоўчага гіганта "Нафтан" расейскаму “Лукойлу”. Наконадні генэральны дырэктар "Нафтан" сп. Якушаў на плянавай нарадзе абвясьціў, што прадпрыемства прадаюць расейскаму "Лукойлу", прычым разам з нафтахімічным прадпрыемствам "Палімір". Там жа ішлося пра сьпіс са 120 прадпрыемстваў, якія таксама адыйдуць расейскім фірмам.
Партыя БНФ лічыць гэта адным з вынікаў нядаўняга візыту Пуціна.
«Лукашэнка ў паніцы здае нашу эканоміку й нашу краіну Расеі. Ён адмовіўся прыняць зычлівую прапанову Эўрапейскага Зьвязу дапамагчы Беларусі ў крытычнай сытуацыі, бо баіцца свабоднага народу. Але толькі свабодны й разьняволены народ можа абараніць незалежнасьць свае Бацькаўшчыны. 2008 год стане годам не сымбалічнай, а самай рэальнай абароны незалежнасьці Беларусі ад цалкам рэальных пагрозаў. Партыя БНФ зробіць усё, каб і 25 Сакавіка, і ў іншыя дні энэргія пратэсту сьвядомых абаронцаў незалежнасьці паядноўвалася зь імпэтам тых, хто ня хоча быць закладнікамі тупіковай эканамічнай палітыкі», падкрэсьліваецца ў заяве.
На меркаваньне аўтараў заявы, «будучы дэмакратычны ўрад Беларусі будзе вымушаны перагледзець угоды цяперашняга ўраду з гледзішча іх законнасьці й адпаведнасьці беларускім нацыянальным інтарэсам».