BE RU EN

CPJ: «Заклікаем Чаргінца тэрмінова адмовіцца ад пазову»

  • 18.12.2007, 14:11

Камітэт абароны журналістаў (CPJ, Нью-Ёрк) выказаў занепакоенасць сітуацыяй, якая склалася вакол недзяржаўнага штодзённіка «Новы час» пасля звароту ў суд беларускага службоўца Мікалая Чаргінца.

«Судовае рашэнне ў дачыненні газеты можа прывесці да яе банкруцтва і закрыцця», – гаворыцца ў заяве гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі, распаўсюджанай 17 снежня, паведамляе АФН.

«Мы заклікаем Чаргінца тэрмінова адмовіцца ад свайго пазову. Як публічная фігура, ён з'яўляецца аб'ектам больш пільнай увагі і крытыкі з боку СМІ, чым звычайныя грамадзяне», – адзначаецца ў дакуменце.

Нагадаем, судовы разгляд па пазове сябра савета рэспублікі Мікалая Чаргінца аб абароне гонару і годнасці да журналіста Аляксандра Тамковіча і газеты "Новы час" пачнецца 19 снежня.

Ісцец патрабуе ад рэдакцыі пакрыцця маральнай шкоды ў памеры 500 млн. рублёў, ад журналіста – 100 млн. Акрамя гэтага, Чаргінец патрабаваў арыштаваць рахункі выдавецкага прадпрыемства "Время новостей", якое выдае газету "Новы час ".

Прэтэнзіі Чаргінца засноўваюцца на нарысе Тамковіча "Генерал-сенатар Чаргінец", апублікаваным 24 верасня гэтага года. «Парламентарый» Чаргінец палічыў, што некаторыя фразы ў матэрыяле закранаюць яго «гонар і годнасць».

Апошнія навіны