Улада не можа змірыцца з пратэстамі прадпрымальнікаў
- 18.12.2007, 16:40
18 снежня суддзя Гомельскага раёна Мікалай Ксяндзоў, разгледзеўшы адміністрацыйны пратакол, складзены працаўнікамі міліцыі ў дачыненні сябра каардынацыйнага савета індывідуальных прадпрымальнікаў Ірыны Камінскай, прысудзіў яе да штрафу ў памеры 10 базавых велічынь (350 тыс. рублёў).
Суддзя М.Ксяндзоў кваліфікаваў яе дзеянні па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Прадпрымальніцу абвінавацілі ў распаўсюджванні друкаванай прадукцыі ў парушэнне артыкула 8 закона "Аб масавых мерапрыемствах" і артыкула 1 закона "Аб друку і СМІ", паведамляюць «Белорусские новости».
Нагадаем, 30 лістапада супрацоўнікі ДАІ Анатоль Капусцін і Віталь Струкаў спынілі машыну, за рулём якой знаходзілася І.Камінская, нібыта для праверкі на наяўнасць у аўтамабілі "крадзеных абразаў". Падчас праверак былі знойдзеныя друкаваныя матэрыялы – звароты да прадпрымальнікаў з просьбай падтрымаць мітынг 10 снежня ў Менску. Па словах І.Камінскай, там было 280 зваротаў, па звестках супрацоўнікаў міліцыі, пададзеных у суд, – 1 280. Таксама ў судзе супрацоўнікі міліцыі і ДАІ давалі розныя сведчанні з нагоды таго, якія менавіта былі звароты.
11 снежня ўчастковы інспектар Гомельскага РАУС Андрэй Зубкоў склаў пратакол у дачыненні І.Камінскай за "распаўсюджванне друкаваных матэрыялаў у парушэнне закона". На судзе адвакат прадпрымальніка Сяргей Красноў паказаў, што распаўсюджванне – гэта перадача іншай асобе, а яго падабаронная добраахвотна аддала супрацоўнікам міліцыі друкаваную прадукцыю. Таксама адвакат адзначыў, што І.Камінская не парушала артыкул закона "Аб масавых мерапрыемствах", бо не з'яўлялася арганізатарам мітынгу.
С.Красноў звярнуў увагу суду на тое, што супрацоўнікі міліцыі не растлумачылі затрыманай яе правы, чым парушылі артыкул 62 Канстытуцыі. Ён падкрэсліў, што ў дзеяннях І.Камінскай адсутнічае склад правапарушэння. Суддзя М.Ксяндзоў, выносячы пастанову, адзначыў, што друкаваныя матэрыялы, якія перавозяцца І.Камінскай, прызначаліся менавіта для распаўсюджвання, а не для "абклейвання сцен", таму склад правапарушэння маецца.
"Улада ніяк не можа змірыцца з тым, што прадпрымальнікі гавораць "не" чарговым указам, якія не даюць нам спакойна працаваць. Таму і караюць", – лічыць І.Камінская.