BE RU EN

Аляксандар Мілінкевіч: «Мы прымусім улады нас зарэгістраваць»

  • 18.12.2007, 18:09

Сёньня Вярхоўны суд Беларусі закончыў разгляд скаргі Юрася Губарэвіча, Аляксея Кавальца і Аляксандра Мілінкевіча. Ад імя рады заснавальнікаў грамадзкай арганізацыі “За Свабоду” яны патрабавалі скасаваць рашэньне Міністэрства юстыцыі, якое адмаўляе ёй у рэгістрацыі. Аднак суд палічыў рашэньне Мінюсту законным.

Нагадаем, пазіцыя Мінюсту палягала ў тым, што заснавальнікі руху мусілі пытацца дазволу на правядзенне ўстаноўчага сходу ў мясцовых уладаў. Прадстаўнікі аргкамітэта з довадамі Мінюсту нязгодныя. Да таго ж, яны звярнулі ўвагу суда, што Мінюст пры разглядзе заявы аб рэгістрацыі грамадскага аб’яднання парушаў заканадаўства. З боку міністэрства была спроба вярнуць дакументы, пададзеныя на рэгістрацыю без разгляду, а таксама адказ на заяву быў дадзены са спазненнем, кажуць у руху “За Свабоду”.

Аднак судзьдзя Ганна Сакалоўская палічыла аргумэнты Міністэрства юстыцыі пераканаўчымі і вынесла вэрдыкт – адмовіць заяўнікам з руху “За свабоду” у рэгістрацыі.

Пасьля вынясеньня прысуду Аляксандар Мілінкевіч заявіў “Радыё Свабода”, што будзе праведзена чарговая, ужо трэцяя спроба арганізацыі зарэгістравацца. “У нас не застанецца нічога іншага, як давесьці гэтую сытуацыю да абсурду і праводзіць адну ўстаноўчую канфэрэнцыю за другой ды падаваць дакументы на рэгістрацыю зноў і зноў. Пакуль, нарэшце, нас не зарэгіструюць”, -- лічыць Мілінкевіч

Апошнія навіны