Раманчук: Расея дапамагае беларускаму ўраду рыць магілу
- 19.12.2007, 9:25
Кіраўнік навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук пракаментаваў заяву міністра фінансаў Мікалая Корбута, які заявіў, што ў Беларусі прыняты бюджэт развіцця. На думку эксперта, прыняты бюджэт разлічаны на павелічэнне даўгоў.
Раманчук адзначыў, што Расея ўжо зразумела гэтую стратэгічную памылку беларускага ўрада.
"Я думаю, што ўсе расейскія фінансавыя інстытуты, якія працуюць у Беларусі, цяпер будуць актыўна выдаваць нам крэдыты і тым самым дапамагаць беларусам самім рыць сабе магілу. Але даўгі трэба аддаваць. Таму наступіць час, і нашы крэдыторы пракруцяць аперацыю: даўгі наўзамен актываў – без якой-небудзь цывілізаванай прыватызацыі і без адкрытых конкурсаў", – заявіў эксперт.
"Гэты бюджэт разлічаны на вельмі хуткае павелічэнне даўгоў. Урад спрабуе захаваць высокі ўзровень спажывання, у той час, як грошай у краіне пачынае катастрафічна бракаваць. Якое можа быць развіццё, калі мы ліміт знешняга доўгу павялічваем да 6 мільярдаў даляраў? Калі мы захавалі самую горшую ў свеце падатковую сістэму?", – перадае словы Яраслава Раманчука "Тэлеграф".
На думку кіраўніка цэнтра Мізэса, новы бюджэт не прадугледжвае росту прамых інвестыцый у эканоміку краіны. "У бюджэце практычна не прадугледжанае прамых інвестыцый. Калі паглядзець на структуру знешніх крыніц, то можна ўбачыць, што акрамя 625 мільёнаў, якія паступяць ад продажу чарговых 12,5 працэнтаў акцый "Белтрансгаза", прыбыткі ад прыватызацыі іншай дзяржаўнай маёмасці складаюць усяго каля 15 мільёнаў даляраў. Гэта кропля ў моры. Разлічваць з такімі паступленнямі на нейкае сур'ёзнае эканамічнае развіццё не прыходзіцца", – заявіў Яраслаў Раманчук.