BE RU EN

Вугоршчына чакае прыняцця Беларуссю 12 прапаноў ЕЗ

  • 19.12.2007, 10:12

"Мы чакаем, што нашы беларускія партнёры будуць паважаць і выконваць дэмакратычныя прынцыпы гэтаксама, як іх паважаюць і выконваюць у Еўразвязе", – заявіў у інтэрв'ю БелаПАН часовы павераны ў справах Вугоршчыны ў Беларусі Ласла Дарацы.

Ён адзначыў, што з названых у дакуменце "Што Еўрапейскі звяз можа даць Беларусі" 12 умоў па дэмакратызацыі краіны "нельга вылучаць асобныя пункты". "Але ўсё-ткі адна з найважнейшых умоў у тым, каб людзей не саджалі ў турму толькі за тое, што яны выказалі сваё меркаванне з нагоды дзяржаўнай палітыкі, – падкрэсліў Л.Дарацы. – Тут чакаць нейкіх саступак з боку ЕЗ недарэчна, таму што прынцып свабоды слова і думкі ў нашых краінах вельмі важны".

Дыпламат таксама адзначыў, што Вугоршчына вітае парафіраванне пагаднення аб адкрыцці прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Менску. "Думаю, што ў нейкай меры адкрыццё офіса Еўракамісіі палегчыць вырашэнне ўзаемных праблем. З'явіцца яшчэ адна магчымасць для адкрытага і непасрэднага дыялогу паміж Еўразвязам і беларускімі ўладамі", – сказаў Л.Дарацы.

Апошнія навіны