Пра цану на газ не дамовіліся
- 19.12.2007, 16:34
Віцэ-прэм’ер урада Беларусі Іван Бамбіза заяўляе пра працяг перамоваў з “Газпромам” наконт цаны на газ на 2008 год.
“Ва ўрада ёсць перамоўная пазіцыя, перамовы працягваюцца”, – заявіў І.Бамбіза ў “парламенце” Беларусі, адказваючы на пытанні “дэпутатаў” наконт магчымай цаны газа для Беларусі з 2 квартала 2008 года.
Нагадаем, “Газпром” 14 студзеня паведаміў, што цана на газ для Беларусі ў першым квартале 2008 года складзе $119 за 1 тыс. куб. м. супраць $100 за 1 тыс. куб. м у 2007 годзе. Згодна з чатырохгадовым кантрактам на пастаўкі газу ў Беларусь, падпісаным у снежні 2006 года, у 2008 годзе цана на газ для Беларусі складзе 67% ад сярэднееўрапейскай цаны.
У 2008 годзе Расея паставіць у Беларусь 21,6 млрд. кубаметраў газу супраць 21,1 млрд. кубаметраў у 2007 годзе.