BE RU EN

Прадпрымальнікаў Берасця прымусілі адмовіцца ад страйку

  • 19.12.2007, 15:02

У Берасці прадпрымальнікі рынку "Цэнтральны" не падтрымалі агульнанацыянальны страйк пад націскам кіраўніцтва гандлёвага аб'екта. Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня Берасцейскага аддзялення РГА "Перспектыва" Віктар Чайкоўскі.

"Мне стала вядома, што напярэдадні прадпрымальнікам было заяўленае, што калі яны не выйдуць на працу 19 снежня, то будуць пазбаўленыя гандлёвых месцаў на рынку. З прычыны страху страціць працоўнае месца, а гэта цэнтр горада, дзе выгодна гандляваць, людзі выйшлі сёння на працу. А там практычна ўсе прадпрымальнікі выкарыстоўваюць наёмных працаўнікоў", — удакладніў В.Чайкоўскі.

Паводле яго слоў, 19 снежня ў Берасці агульнанацыянальны страйк падтрымалі індывідуальныя прадпрымальнікі 16 гандлёвых аб'ектаў абласнога цэнтра (васьмі рынкаў і васьмі гандлёвых цэнтраў). Паводле інфармацыі на 12.30, цалкам не працуюць два рынкі і чатыры гандлёвыя цэнтры. На астатніх пяці рынках і чатырох гандлёвых цэнтрах страйк падтрымалі ад 80 да 97% прадпрымальнікаў. Менш за ўсё – 20% – на рынку "Будаўнiчы рай".

Апошнія навіны