BE RU EN

Старшыня КДБ лічыць, што пагроза нацыянальнай бяспецы зыходзіць не ад апазіцыі

  • 20.12.2007, 8:22

Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Юры Жадобін на сваёй першай прэс-канферэнцыі на новай пасадзе загаварыў пра апазіцыю. Адрапартаваўшы пра пайманне замежных шпіёнаў, ён заявіў, што апазіцыю ведае пайменна і ў яе ўваходзіць 1767 "дэструктыўных элементаў", але ніякай пагрозы нацыянальнай бяспецы яны не нясуць.

У Беларусі ў гэтым годзе выяўленая і перарваная дзейнасць больш як 10 агентаў спецслужб замежных дзяржаў, паведаміў журналістам Юры Жадобін.

"Нягледзячы на тое, што Беларусь дэманструе міралюбівую знешнюю палітыку, на тэрыторыю нашай дзяржавы імкнуцца пракрасціся нашы апаненты з мэтай збору палітычнай, эканамічнай, ваеннай, навукова-тэхнічнай інфармацыі. Сёлета Камітэтам дзяржбяспекі выкрытая агентурная сетка ваеннай выведкі суседняй дзяржавы (Польшча – ІФ), выяўленая і спыненая дзейнасць больш як дзесятка агентаў замежных спецслужб", – адзначыў кіраўнік беларускага КДБ.

Паводле яго слоў, дзейнасць агентурнай сеткі ваеннай выведкі адной з дзяржаў была спыненая "ў выніку класічнай контрвыведніцкай аперацыі". "Мы стварылі жорсткі контрвыведніцкі рэжым нашым, мякка кажучы, апанентам на тэрыторыі краіны", – сказаў Ю.Жадобін.

Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі прагназуе усплёск актыўнасці спецслужб замежных дзяржаў у перыяд парламенцкай выбарчай кампаніі, якая мае адбыцца ў 2008 годзе. "Я у гэтым упэўнены, бо ў мяне для гэтага ёсць факталагічны матэрыял: хто, колькі грошай і праз каго будзе ўкідаць і што яны будуць спрабаваць зрабіць. Тут сумненняў не ўзнікае, адпаведныя службы адсочваюць сітуацыю і дакладваюць інфармацыю", – заявіў старшыня КДБ Беларусі, адказваючы на пытанне "Інтэрфакса".

Кажучы пра стан беларускай апазіцыі, Ю.Жадобін заявіў: "Я не сказаў бы, што яны (апазіцыя – ІФ) прадстаўляюць нейкую пагрозу нацыянальнай бяспецы". "У так званую супольнасць дэструктыўных элементаў уваходзіць усяго 1767 асоб. Мы іх усіх ведаем пайменна, па прозвішчах, і іх не становіцца ні больш, ні менш", – адзначыў старшыня КДБ.

Паводле яго слоў, "гэтыя людзі спавядаюць нешта сваё, а ў большасці сваім нічога не спавядаюць, а проста жывуць на замежныя гранты". Не называючы прозвішча аднаго з беларускіх апазіцыянераў, Ю.Жадобін сказаў, што "ёсць бацька, які 17 гадоў нідзе не працаваў, а жыве на гранты. А сёння яго сын пачынае жыць на гэтыя гранты". "Гэта значыць, гэта спосаб зарабляння грошай, ім (апазіцыі – ІФ) абсалютна не патрэбная ніякая ўлада, яны знайшлі сваю нішу па зарабляння грошай", – заявіў старшыня КДБ.

Апошнія навіны