BE RU EN

Палітвязьню пагражае яшчэ тры гады калоніі

  • 20.12.2007, 8:41

Сёньня ў Магілёве пачнецца працэс над Артурам Фінькевічам, якому пагражае яшчэ тры гады зьняволеньня нібыта за парушэньні рэжыму.

Падтрымаць сябра зьбіраюцца дзясяткі актывістаў, якія прыйдуць да суду з партрэтамі Артура Фінькевіча.

Максымальнае пакараньне за парушэньні рэжыму адбыцьця “хіміі”, у чым абвінавацілі Артура Фінькевіча – тры гады калёніі. Дарэчы, каб ня гэтая крымінальная справа, Артур выйшаў бы на волю 10 дзён таму.

Напярэдадні працэсу грамадзкі камітэт абароны палітвязьняў намагаўся максымальна пашырыць розгалас пра справу Артура Фінькевіча. Сябра камітэту, лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч мяркуе: прысутнічаць на працэсе над Артурам Фінькевічам будуць і прадстаўнікі амбасадаў заходніх краін.

“На ўсіх сустрэчах, дзе яны праходзілі, і я, і іншыя дэмакратычныя лідэры кажам пра тое, што адбываецца зь людзьмі ў вязьніцах, пра неабходнасьць іх вызваленьня. Але тое, што ўлада робіць са справай Фінькевіча, калі ў турме яшчэ спрабуюць падоўжыць тэрмін – такога праваабаронцы Эўропы адносна Беларусі яшчэ ня ведаюць. Таму зь іх боку будзе найпільнейшая ўвага, і перакананы, што дыпляматы прыедуць на суд”, -- паведаміў Мілінкевіч для “Радыё Свабода”.

Як пачуваецца сам Артур Фінькевіч напярэдадні суду? Ад сваякоў актывіста вядома: ён ня скардзіўся ні на ўмовы утрыманьня, ні на здароўе і заставаўся бадзёры. “Ён гатовы да барацьбы”, – сказала “Свабодзе” актывістка Кася Галіцкая, якая таксама зьбіралася ў Магілёў, каб падтрымаць Артура Фінькевіча.

Два гады таму Артур Фінькевіч быў арыштаваны і пакараны абмежаваньнем волі за палітычныя графіці. Падчас адбыцьця пакараньня на юнака некалькі разоў накладалі спагнаньні за парушэньні рэжыму, зь якімі ён ня быў згодны, але абскардзіць гэтыя пакараньні яму не ўдалося.

Апошнія навіны