За газ давядзецца яшчэ доўга гандлявацца з Расеяй
- 20.12.2007, 9:50
Беларусь не змагла дамовіцца з РФ аб пераглядзе формулы цаны на прыродны газ і, як чакаюць, працягне перамовы з «Газпромам» па мінімізацыі цаны. Такое меркаванне выказаў эксперт у каментары ПРАЙМ-ТАСС.
Ён адзначыў, што прарыву па ўмовах пастаўкі прыроднага газу ў Беларусь на 2008 год і самую блізкую перспектыву падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна не адбылося. Паводле дадзеных, атрыманых ад крыніцы ва ўрадзе, беларускі бок намервалася перагледзець умовы заключанага раней кантракту і зафіксаваць цану на газ на перыяд да 2010 г уключна.
Аднак дамовіцца з расейскім бокам аб пераглядзе ўмоў не атрымалася, і бакі яшчэ раз пацвердзілі дзеянне кантракту, заключанага ў канцы 2006 года. Паводле дадзеных прадстаўніка профільнага міністэрства, гэтым дакументам зафіксаваная раней не агучаная ўмова: цана газу для Беларусі ў першым квартале 2008 г не павінна перавышаць 119% да ўзроўню 2007 года.
Гэтую ж інфармацыю пацвердзіла расейскаму выданню «Время новостей» крыніца, знаёмая з выведзенай у кантракце формулай. Яна адзначыла што, апроч 33-працэнтнага дысконту да ўзроўню роўнапрыбытковасці з пастаўкамі газу ў Польшчу, дакумент прадугледжвае агаворку, што 1 студзеня 2008 года цана для Беларусі не можа вырасці больш як на 19% (па-за залежнасці ад сітуацыі ў Польшчы).
Такім чынам, адзначае эксперт, з 1 студзеня 2008 года Беларусь цягам 3 месяцаў будзе атрымоўваць з Расеі самы танны газ у Еўропе і СНД – 119 даляраў за 1 тысячу кубаметраў, хоць цана туркменскага газу для РФ паднімецца да 130 даляраў у першым паўгоддзі і да 150 даляраў – у другім.
Відавочна, што з другога квартала цэны на газ для Беларусі павялічацца. Бо калі зыходзіць з цаны 260 даляраў за 1 тысячу кубаметраў (па такой цане цяпер атрымоўвае прыродны газ Польшча) і палажэнні дамовы з «Газпромам» пра тое, што ў 2008 годзе цана на газ для Беларусі складзе 67% ад цаны на еўрапейскім рынку за вылікам транспартных выдаткаў, цана газу для Беларусі атрымоўваецца вышэй 160 даляраў за 1 тысячу кубаметраў. Пры гэтым можна выказаць здагадку, што расейскі бок не ўключыць у цану экспартную пошліну ў памеры 30%, пра што раней заяўляў расейскі амбасадар у Беларусі Аляксандр Сурыкаў.
Па ацэнках экспертаў, з прычыны рэзкага росту цэн на нафту ў першай палове 2008 года цэны на газ для Польшчы перавысяць 300 даляраў за 1 тысячу кубаметраў, а ў другой палове могуць быць павялічаныя да 350-360 даляраў. Такім чынам, нават за вылікам экспартнай пошліны цана на газ для Беларусі ў другой палове 2008 года можа скласці як мінімум 135-165 даляраў за 1 тысячу кубаметраў.
Эксперт адзначыў, што праект беларускага бюджэту на 2008 год заключаны зыходзячы з цаны на газ у 128 даляраў за 1 тысячу кубаметраў. Каб не перавысіць гэтую планку, урад Беларусі змушаны будзе працягнуць гандаль з расейскім канцэрнам. На думку суразмоўцы, поле для гандлю пакуль ёсць – гэтае ўмовы хутчэйшага фармавання пакета «Газпрома» ў СП на базе «Белтрансгаза» і атрыманне ў ім кантролю, а таксама ўдзел расейскага канцэрна ў прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, якія яго цікавяць і інш.