Каспараў: «У 1938 годзе Time назваў Чалавекам года Адольфа Гітлера»
- 20.12.2007, 11:36
Рашэнне амерыканскага часопіса Time назваць прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна Чалавекам года не робіць гонару выданню, заявіў лідэр апазіцыйнага руху “Другая Россия”, экс-чэмпіён свету па шахматах Гары Каспараў.
"Ацэнка Time фактычна ідзе за афіцыйнай крамлёўскай прапагандай: маўляў, Расея паднялася з кален, прарабіла вялікі шлях. Хай ёсць асобныя праблемы з правамі чалавека, некаторыя шурпатасці з свабодай слова, няважная сітуацыя з карупцыяй, але вектар руху правільны, і галоўная заслуга ў гэтым – асабіста прэзідэнта Пуціна", – сказаў Каспараў, адзначыўшы, што ён у корані не згодны з гэтым рашэннем.
На думку палітыка, часопіс глядзіць на падзеі ў Расеі "наіўным поглядам".
Акрамя таго, мяркуе Каспараў, выданне, называючы кагосьці "чалавекам года", спрабуе ацаніць уплыў тых ці іншых асоб на падзеі ў свеце.
"У гэтай логіцы пераможцам цалкам можа апынуцца і "дрэнны хлопец", – сказаў суразмоўца агенцтва.
Напрыканцы ён нагадаў, што ў 1938 годзе Time назваў "чалавекам года" Адольфа Гітлера.
"Верагодна, для гэтага таксама можна знайсці аб'ектыўныя падставы", – сказаў экс-чэмпіён па шахматах.
Інтэрв'ю Пуціна часопісу Time, у якім прэзідэнт РФ выказаў меркаванне, што радыкальная апазіцыя ў Расеі з'яўляецца інструментам уплыву замежных дзяржаў і спецыяльна правакуе ўлады на жорсткія меры, Каспараў, зрэшты, пакуль не пракаментаваў, паведаміўшы, што зробіць гэта цягам сутак.
Нагадаем, амерыканскі часопіс Time абвясціў прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна Чалавекам года за ўмацаванне стабільнасці і падвышэнне ролі Расеі ў свеце.