Андрэй Саннікаў: «Пагроза зыходзіць толькі ад Расеі»
- 26.12.2007, 16:58
Сёння бяспецы Беларусі пагражае зусім не ЗША, як заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, а Расея.
На пасяджэнні Саўміна «саюзнай дзяржавы» у Маскве прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што ЗША парушылі гарантыі бяспекі Беларусі прадстаўленыя пасля вываду з рэспублікі ядзернай зброі, увёўшы санкцыі супраць беларускага рэжыму. Заяву прэм'ера пракаментаваў міжнародны каардынатар Хартыі’97, былы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Саннікаў.
– Ад Злучаных Штатаў не зыходзіць ніякай пагрозы Беларусі. Насупраць, усе гутаркі пра магчымае ўваходжанне Беларусі ў склад Расеі і нават варыянты гэтага ўваходжання шасцю абласцямі дэманструюць, што рэальная пагроза незалежнасці краіны зыходзіць ад Расеі. Калі і робіцца на Беларусь ціск, то зноў-такі ён робіцца Расеяй, якая доўгі час падтрымлівала рэжым Лукашэнкі, пазбаўляючы беларускі народ права выбару, а сёння прэсуе гэты рэжым для атрымання эканамічных і палітычных выгод. Уведзеныя ЗША меры ў дачыненні беларускага рэжыму былі прынятыя як адказ на абуральныя і шматлікія парушэнні беларускімі ўладамі міжнародных абавязальніцтваў у рамках АБСЕ, у рамках міжнародных пактаў аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таму разглядаць іх трэба не як меры ў дачыненні беларускага народа, а як адказныя крокі на дзеянні ўлад, якія парушаюць асноўныя правы і свабоды чалавека, пераследуюць людзей за іх погляды, саджаюць у турмы па палітычных матывах, – лічыць Андрэй Саннікаў.