10 студзеня прадпрымальнікі выйдуць на Кастрычніцкую плошчу
- 27.12.2007, 14:37
Начальнік упраўлення прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Менгарвыканкама Аляксандр Каліноўскі сёння на сустрэчы з лідэрамі прадпрымальнікаў заявіў, што ўказ №760 зменены не будзе. У знак пратэсту прадпрымальнікі пакінулі будынак камітэта. Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў, з 1 студзеня індывідуальныя прадпрымальнікі абвесцяць страйк, а 10 студзеня выйдуць на Кастрычніцкую плошчу Менска.
Як вядома, 10 снежня ўдзельнікі мітынгу прадпрымальнікаў у Менску прынялі рэзалюцыю з выказваннем пратэсту супраць указу № 760, паводле якога з 1 студзеня 2008 года ІП забароненае выкарыстаць праца наёмных працаўнікоў за выключэннем блізкіх сваякоў. Было высунутае таксама патрабаванне да ўрада выканаць 12 умоў Еўрапейскага Звязу, уключна «павагу правоў грамадзян Беларусі на справядлівы суд і прадпрымальніцкую дзейнасць без празмернага ўмяшання ўлад». У рэзалюцыі лідэры прадпрымальнікаў заклікалі ўсіх ІП правесці 10 студзеня 2008 года ў 12.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска агульнарэспубліканскі сход прадпрымальнікаў, а таксама з 1 студзеня 2008 года «сысці ў чарговы адпачынак з няплатай падатку».
Адзін з заяўнікаў мітынгу 10 снежня прадпрымальнік Віктар Крываль, які трымаў у зняволенні 15–дзённую галадоўку, пратэстуючы супраць пераследу ўладамі прадпрымальнікаў, заклікаў прытрымлівацца заяўленых на мітынгу патрабаванняў. «Калі ўлады не прыпыняць дзеянне пункта 1.1. сумна вядомага ўказу, накіраванага супраць нашых наёмных працаўнікоў, то разам з імі індывідуальныя прадпрымальнікі маюць намер з 1 студзеня пачаць агульнарэспубліканскі страйк. Мы не збіраемся на кукішках шукаць шчыліны ў дыскрымінацыйным заканадаўстве, а прымусім урад лічыцца з правамі індывідуальных прадпрымальнікаў», – заявіў В.Крываль.
На думку В.Крываля, антыпрадпрымальніцкія законы, запалохванне і арышты індывідуальных прадпрымальнікаў, маштабнае ператварэнне іх у ахвяр злоўжывання ўладай абавязкова стануць прадметам далейшага расследавання і прававой ацэнкі як з боку міжнароднай супольнасці, так і будучай дэмакратычнай улады ў Беларусі.