Мільён беларусаў на мяжы выжывання
- 28.12.2007, 8:38
Каля 10% насельніцтва Беларусі, або каля мільёна чалавек, маюць прыбытак ніжэйшы за пражытачны мінімум, то бок, належаць да маламаёмасных грамадзян. Такія дадзеныя прывяла на прэс-канферэнцыі 27 снежня ў Менску начальніца ўпраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Валянціна Сяргеева.
Паводле яе слоў, усе гэтыя людзі маюць права на атрыманне адраснай сацыяльнай дапамогі паводле ўказу прэзідэнта? які ўступіў у сілу 17 снежня. Зазначым, ён пачаткаў дзейнічаць у адзін дзень з законам "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях грамадзян".
Спецыялістка нагадала, што дадзеным указам падвышаны крытэр патрэбнасці насельніцтва: раней ён складаў 60% бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ), у цяперашні час – 100%. Як паведаміла В.Сяргеева, у сувязі з гэтым у Беларусі ў 3,6 разоў павялічылася колькасць грамадзян, якія маюць права на атрыманне адраснай сацыяльнай дапамогі, піша БелаПАН.
В.Сяргеева адзначыла, што галоўным крытэрам атрымання адраснай сацыяльнай дапамогі з'яўляецца прыбытак чалавека. Дапамога падаецца ў відзе штомесячнай сацыяльнай датацыі і адначасовай сацыяльнай датацыі. Адначасовая сацыяльная датацыя можа быць выплачана адзін раз у год у сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй у памеры ад 0,5 БПМ да 5 БПМ.
Прадстаўніца Мінпрацы таксама паведаміла, што ўказам скарачаецца спіс дакументаў, якія неабходна падаць грамадзяніну для атрымання адраснай сацыяльнай дапамогі, усталёўваюцца тэрміны яе прызначэння, адказнасць сем'яў за няпэўна прадстаўленыя звесткі аб прыбытках.