У Менску з'явілася вуліца Артура Фінькевіча (Фота)
- 28.12.2007, 9:34
На шосты дзень кампаніі за вызваленьне лідэра "Маладога Фронту" Артура Фінькевіча, адна зь менскіх вуліцаў у сталічным мікрараёне Чыжоўка, якая насіла імя савецкага вайсковага дзеяча І.Убарэвіча была перайменаваная ў вуліцу самага маладога палітвязьня Беларусі.
На сьцены шматлікіх гмахаў былі нанесеныя графіці з новай назвай вуліцы, а таксама на шыльдах з нумарамі дамоў і каля іх зьявіліся ўлёткі з прозьвішчам маладафронтаўца. Такім чынам "Малады Фронт" працягвае сваю штодзённую й бестэрміновую кампанію за вызваленьне аднаго з сваіх лідэраў.
“На вялікі жаль, у сёньняшняй Беларусі велізарная колькасьць вуліцаў і плошчаў, названыя ў гонар тых людзей, якія ня тое што ня маюць дачыненьня да нашае Бацькаўшчыны й Нацыянальнага Адраджэньня, але й увогуле выступалі супраць беларускага народу й незалежнасьці нашае дзяржавы. Вуліцы названыя ў гонар шматлікіх савецкіх “герояў”, імёны якіх дасюль выклікаюць жах у беларусаў, якія памятаюць аб камуністычным тэроры, да гэтага часу ёсьць у Беларусі. Але нашыя плошчы, нашыя вуліцы, нашыя праспэкты павінны быць названыя імёнамі найлепшых сыноў нашае Бацькаўшчыны, нацыянальныях герояў Беларусі. Яны павінны насіць імёны тых, хто пацярпеў, змагаючыся за Свабоду й Незалежнасьць нашае дзяржавы, такіх, як Артур Фінькевіч,” – цытуе аднаго са сваіх сябраў сайт “Маладога Фронту”.