Heineken купляе піваварную кампанію «Сябар»
- 28.12.2007, 12:49
28 снежня Heineken абвясціў пра набыццё кіпрскай кампаніі, уладальніка беларускай піваварнай кампаніі "Сябар" у Бабруйску.
Згодна з умовамі пагаднення, Хайнекен набывае матчыну кіпрскую кампанію, якой валодаў кансорцыум "Дэтройт Інвестментс Лімітэд" (Кіпр) і Міжнародная фінансавая карпарацыя (філіял Сусветнага банка). Сума пагаднення не выдаецца. Пагадненне будзе ажыццёўленае за кошт уласных сродкаў кампаніі Heineken і апошні плацёж пачынаючы з 2008 года запланаваны ў 2012 годзе, паведамляе BELBEER.com са спасылкай на прэс-службу Heineken.
Ніка Нусмейер, рэгіянальны дырэктар у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе Heineken NV, каментуючы куплю "Сябра" заявіў: "Гэтае пагадненне адпавядае нашай стратэгіі, накіраванай на дасягненне вядучых пазіцый на рынку".
На думку прадстаўніка кампаніі Heineken "піўны рынак Беларусі характарызуецца як хутка растучы, і гэтае пагадненне дасць кампаніі выдатную стартавую пляцоўку для росту на беларускім рынку, а таксама для імпартаваных расейскіх брэндаў".
Беларускі рынак піва дэманструе двухзначны рост. Штогадовае спажыванне на сёння ацэньваецца амаль у 4,5 млн. гекталітраў. Па наяўных ацэнках, спажыванне на душу насельніцтва складае 45 літраў.