Пакістан развітаўся з Беназір Бхутта (Фота)
- 28.12.2007, 15:32
У Пакістане прайшлі пахаванні былога прэм'ер-міністра Беназір Бхутта, забітай у чацвер падчас мітынгу ў Равалпіндзі. Труна з яе целам была дастаўленая ў сямейны магільны склеп, дзе пахаваны яе бацька Зульфікар Алі Бхутта, адхілены ад улады падчас вайсковага перавароту ў 1977 годзе і пакараны смерцю двума гадамі пазней.
Вакол магільнага склепу сабраліся сотні тысяч людзей. На пахаваннях прысутнічалі муж і трое дзяцей Беназір Бхутта.
У сувязі з забойствам Беназір Бхутта ў Пакістане абвешчаная трохдзённая жалоба.
54-гадовая Бхутта сканала ад цяжкіх раненняў у шпіталі. Усяго ў выніку выбуху на мітынгу яе прыхільнікаў загінулі, па меншай меры, 20 чалавек, шматлікія атрымалі раненні.
Падчас масавых беспарадкаў, якія цягнуліся ўсю ноч, выкліканых смерцю папулярнага палітыка, у Карачы невядомымі быў застрэлены паліцыянт. Усяго ў выніку сутыкненняў угневаных прыхільнікаў былога прэм'ера з паліцыяй загінулі 16 чалавек.
У пятніцу вайскоўцы атрымалі загад: у выпадку масавых беспарадкаў ужываць баявыя патроны.
Прэзідэнт Пакістана Первез Мушарраф неўзабаве пасля весткі пра выбух у Равалпінді выступіў з асуджэннем забойства Бхутта, якое назваў вялізнай трагедыяй.
Як паведамляе газета Asia Times, аднаму з яе карэспандэнтаў патэлефанаваў Мустафа Абу Язід, адзін з камандзіраў атрадаў "Аль-Каіды" ў Аўганістане, і сказаў, што забойства Беназір Бхутта арганізавала "Аль-Каіда".
Аднак міністэрства ўнутраных спраў Пакістана заявіла, што пакуль у яго няма ніякіх дадзеных пра тое, хто мог стаяць за забойствам Бхутта.
Прадстаўнікі пакістанскага ўрада далі зразумець, што парламенцкія выбары адбудуцца 8 студзеня, як і было прызначанае. Зрэшты, улады маюць намер правесці кансультацыі з палітычнымі партыямі па гэтым пытанні.
На думку назіральнікаў, смерць Беназір Бхутта, якая з'яўлялася лідэрам самой буйной апазіцыйнай партыі ў краіне, паставіла пад сумненне мэтазгоднасць правядзення выбараў у студзені.
Лідэр пакістанскай апазіцыі Наваз Шарыф заявіў пра тое, што яго партыя – Мусульманская ліга – будзе байкатаваць прызначаныя на студзень парламенцкія выбары, якія, на думку палітыка, не будуць сумленнымі, пакуль ва ўладзе знаходзіцца прэзідэнт Мушарраф.
Менавіта прэзідэнта краіны Шарыф лічыць "прычынай усіх праблем".
"Правядзенне справядлівых і свабодных выбараў немагчымае, пакуль ва ўладзе Первез Мушарраф", – заявіў на прэс-канферэнцыі Шарыф, які тройчы ўзначальваў урад краіны ў 1990-я.
Лідэр Мусульманскай лігі таксама заявіў, што пасля трохдзённай жалобы па Бхутта ён распрацуе стратэгію дзеянняў, якая кіне выклік рэжыму Мушаррафа. Пры гэтым ён адхіліў здагадкі пра тое, што смерць Бхутта дапаможа яму зарабіць дадатковыя палітычныя дывідэнды.
"Думаю, што ніхто нічога не выйграе і не будзе спрабаваць гэтага рабіць у цяперашняй сітуацыі. Гэта вельмі сур'ёзнае становішча для ўсёй краіны", – сказаў Шарыф у інтэрв'ю ВВС.









Фота yahoo.com