Зміцер Бандарэнка: «Службоўцы разумеюць, што апазіцыя мае рацыю»
- 28.12.2007, 16:44
Пуцін папросту купіў лаяльнасць Лукашэнкі на час выбараў у Расеі, а потым працягне палітыку "задушвання". Беларускія службоўцы разумеюць, што апазіцыя мае рацыю, і пачынаюць публічна выказвацца на карысць еўрапейскага выбару, сцвярджае каардынатар Хартыі’97
Зміцер Бандарэнка падводзіць падрахункі года ў інтэрв'ю www.charter97.org.
– У снежні ў Менск прыязджаў Уладзімір Пуцін. Тэма гутарак з Лукашэнкам да канца невядомая. Навошта ён прыязджаў, на Ваш погляд?
– Пры ўсёй сваёй вялізнай папулярнасці ў Расеі Пуцін сёння знаходзіцца ў вельмі складанай сітуацыі. Ён выдатна разумее, што новы прэзідэнт Расеі гіпатэтычна можа зрабіць з ім, вялікім Пуціным, усё, што заўгодна. І ўсе яго апошнія камбінацыі накіраваныя на развязанне адной звышзадачы: як застацца на палітычным алімпе Расеі і захаваць напрацаванае за апошнія восем гадоў. Пераход у новую палітычную якасць для Пуціна з'яўляецца больш важнай і больш складанай задачай, чым усё, з чым ён сутыкаўся за гады свайго прэзідэнцтва. Яго прыезд у Менск, на мой погляд, з'яўляецца падстрахоўкай, імкненнем пазбегнуць неспадзяванак з боку Лукашэнкі ў падкавырнай барацьбе з сілавікамі, якія стала яго папракаюць у небяспецы страціць апошняга саюзніка.
– Як ацэньваеце дасягнутыя дамоўленасці па выдзяленні Беларусі крэдыту ў 1,5 мільярды даляраў і ўсталяванні кошту на газ у памеры 119 даляраў за кубаметр.
– Пуцін папросту купіў лаяльнасць Лукашэнкі на час выбараў у Расіі. Камусьці гэта можа здацца і занадта дарагім падарункам для беларускага кіраўніка, але стаўкі ў барацьбе за Крэмль значна вышэйшыя. Тым больш, што Лукашэнка нікуды не дзенецца. Каманда Пуціна пасля выбараў працягне палітыку "задушвання".
А ў прыведзеных вамі коштах на газ закладзены і адказ: такі кошт на першыя тры месяцы. У наступныя тры месяцы будзе па 130 даляраў за кубаметр газу, а ў канцы года, можа, і ўсе 180.
– Раз больш-менш наладжваюцца стасункі з Масквой, ці значыць гэта, што Лукашэнка адмовіцца ад супрацоўніцтва з Еўропай?
– Не, таму што сумарны знешні доўг Беларусі большы за 10 мільярдаў даляраў. Нават вельмі выгодны расейскі крэдыт лукашэнкаўскі рэжым не выратуе. Тым больш, што крэдыт быў атрыманы пад заклад дзяржуласнасці, а дэфіцыт у гандлі з Расіяй 5 мільярдаў даляраў. Экспарт нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў у Еўропу забяспечвае прыток чатырох мільярдаў даляраў. "Жывыя" грошы прыходзяць менавта з Еўразвязу. Нават на сумеснай прэс-канферэнцыі з Пуціным Лукашэнка лісліва звяртаўся да еўрапейцаў з просьбай годна ацаніць стабільнасць паставак энерганосьбітаў праз беларускую тэрыторыю.
– Год таму Еўразвяз зрабіў Беларусі 12 прапаноў па дэмакратызацыі наўзамен сур'ёзнай фінансавай дапамогі краіне. Чаму беларускія ўлады дагэтуль не прынялі прапановы ЕЗ?
– Лукашэнка – дыктатар і яму складана стаць дэмакратычным кіраўніком. Ён спадзяецца, што для яго зробяць выключэнне, як, напрыклад, для Каддафі. Але, да няшчасця для АГ і да шчасця для беларускага народа, мы – еўрапейская краіна і да нас іншыя падыходы. І калі Лукашэнка просіць дапамогі, у Еўразвязу яму адказваюць: калі ласка, але спачатку вы павінны адпавядаць мінімальным еўрапейскім патрабаванням.
Час ідзе, і праблемы нарастаюць. Мабыць, ад Лукашэнкі хаваюць праўду пра рэальнае становішча ў краіне, аб рэальнай незадаволенасці людзей сваім жыццёвым узроўнем і яго кіраваннем. Пасля адмены льготаў мільёны людзей не проста яго не любяць, а актыўна ненавідзяць. Пэўна, гэтую інфармацыю ад дыктатара ўтойваюць. Таму сацыяльныя выбухі для яго будуць неспадзяванкай.
– З новага года краіны-суседзі ўвайшлі ў Шэнгенскую зону. І дэмакратычныя сілы, і ўлады заклікалі краіны ЕЗ знізіць кошт шэнгенскіх віз для беларусаў. Аднак мы ўсё роўна будзем плаціць больш за ўсіх – 60 еўра. Чаму так атрымалася?
– Еўрапейскі Звяз не хоча атрымаць некантраляваную эміграцыю. Іх досвед паказвае, што большасць уцекачоў – з дыктатарскіх краін. Людзі збягуць ад вынікаў "паспяховага" кіравання сяброў і калегаў Лукашэнкі. Людзі з яшчэ небагатых, але вольных краін выязджаюць на заробкі, але большасць з іх вяртаецца на радзіму. З дыктатарскіх краін, як правіла, уцякаюць назаўжды. Пакуль Беларусь не стане на шлях дэмакратызацыі, будуць існаваць абмежаванні для беларускіх грамадзян.
– ЗША ўвялі санкцыі супраць "Белнафтахіма" Санкцыі супраць кіраўніцтва і службоўцаў беларускага рэжыму ўводзіліся неаднаразова. Гэта можа паўплываць на змяненне сітуацыі ў нашай краіне?
– Гэта першыя эканамічныя санкцыі супраць краіны. "Замарожванне" рахункаў асобных грамадзян нельга лічыць эканамічнымі санкцыямі супраць краіны. Зразумелая эмацыйная рэакцыя ўплывовых амерыканскіх службоўцаў на падман з боку лукашэнкаўскай адміністрацыі. Лукашэнка і яго клан па-іншаму паводзіць сябе не могуць. Нездарма нават "стратэгічныя" партнёры беларускага дыктатара, расейцы, часта скардзяцца, што Лукашэнка іх "кідае". Гэткі фірмовы стыль беларускага кіраўніка.
Справакаваўшы амерыканскія санкцыі, Лукашэнка значна скараціў сабе поле для манеўру.
– Якая сёння пазіцыя Еўразвязу па дачыненні да Беларусі?
– Калі "зрухаў" па выкананні 12 прапаноў Еўразвяза не будзе, то я думаю, што Еўропа будзе змушаная таксама ўжываць эканамічныя санкцыі. 12 прапаноў ЕЗ і былі спробай прарыву. Еўрапейцы пакуль спадзяюцца, што ёсць хоць нейкія зародкі разважнасці ў беларускіх кіраўнікоў.
Дапамога для новых сябраў ЕЗ – Польшчы, Вугоршчыны, Чэхіі, Румыніі, Баўгарыі – з боку Еўразвяза ідзе проста вялізная. Лукашэнка ж набірае крэдыты, якія давядзецца аддаваць будучым пакаленням беларусаў. У 12 прапановах нічога экстраардынарнага няма. Па гэтых правілах жыве сама Еўропа і добра жыве. І яны прапаноўваюць: беларусы жывіце добра! Лукашэнка ж кажа: не, беларусы будуць жыць дрэнна! А беларусы пакуль спяць.
– Якую ролю для Беларусі іграе ўзмацненне аўтарытарызму ў Расіі? Нядаўнія парламенцкія выбары ў гэтай краіне былі прызнаныя несвабоднымі.
– Вялікі праваабаронца сучаснасці Натан Шчаранскі ў адной з сваіх кніг агучыў тайну выжывання дыктатарскіх рэжымаў. Вялікія дыктатуры ўтрымліваюць маленькія, а калі падаюць цэны на нафту, развальваюцца і вялікія дыктатуры. Пуцін нікуды зараз не сыдзе, таму будзе дзейнічаць яшчэ адно правіла: вялікая дыктатура заўсёды імкнецца памяняць нязручнага ёй дыктатара ў "дружалюбнай" краіне на зручнага. І вось у гэтых калізіях будзе знаходзіцца сёння Лукашэнка і мы, на жаль, калі не зменім вектар развіцця краіны.
– На пачатку года апазіцыя прапанавала ўладам дыялог. Вы па-ранейшаму ўпэўненыя ў тым, што стратэгія была абраная правільна?
– Так, безумоўна. Улады, праводзячы масіраваную кампанію "За незалежную Беларусь!” спрыялі значнаму росту патрыятычных, "незалежніцкіх" настрояў у грамадстве. Гэта першы плюс. Другі плюс – мы знізілі напал рэпрэсій, хаця б падчас дэманстрацый. Сотні людзей не атрымалі дубінкамі па спіне або па галаве – гэта вельмі важна.
Трэці плюс – дыялог і прапановы апазіцыі па сумесным выхадзе з крызісу, па нармалізацыі стасункаў з Еўропай стварылі легальны канал па пасоўванні еўрапейскай ідэі, у тым ліку, сярод дзяржаўных службоўцаў. Яны разумеюць, што апазіцыя мае рацыю, і інтарэсы Беларусі ляжаць у Еўропе. Службоўцы пачалі публічна выказвацца на карысць еўрапейскага выбару.
– Тым не менш, адзін з ініцыятараў дыялогу Віктар Івашкевіч быў арыштаваны на 15 сутак, акцыя "За незалежную Беларусь!" на Кастрычніцкай плошчы была жорстка разагнаная. Як быць з гэтым?
– Улада насамрэч не ведае, як рэагаваць на новыя выклікі. Гэта як пры Гарбачове – адначасова прымаліся два законы: аб кааперацыі і барацьбе з непрацоўнымі прыбыткамі. Казалася пра неабходнасць дэмакратызацыі, і адначасова разганяліся дэманстрацыі ў Менску і Тбілісі. Як і тады, такая дваістасць доўга не працягнецца.
– Што павінна адбыцца, каб улады ўсё-ткі пайшлі на дыялог з апазіцыяй?
– На нейкім этапе частка вышэйшых службоўцаў пачынае ўсведамляць, што ім значна больш выгодна будзе жыць у нармальнай дэмакратычнай краіне, чым пры дыктатуры. І яны, і іх сям'і будуць мець лепшае жыццё, і іх спадзяванні будуць рэалізаваныя ў новай сітуацыі, а не пры тыраніі. Эліты ва ўладзе і апазіцыі пачынаюць кантактаваць.
Пасля ўступлення краін-суседзяў у Шэнген гэтыя настроі будуць усё больш і больш узмацняцца. Занадта відавочнымі становяцца правільнасць абранага нашымі суседзямі шляху і тупіковасць адмысловага лукашэнкаўскага.
Дзесяткі, а то і сотні краін прайшлі шлях ад дыктатуры да дэмакратыі. У Беларусі ёсць шанец пасля вызвалення ад дыктатуры ў найкарацейшыя тэрміны ўступіць у Еўразвяз. І гэта будзе гарантыяй ад рэцыдываў аўтарытарызму, таго, ад чаго пакутуюць лацінаамерыканскія краіны. Некаторая аўтаркія Лацінскай Амерыкі, вызначаная геаграфічным становішчам і каланіяльным мінулым, замінае іх паступальнаму руху да дэмакратыі. А ў нас будзе рэальная магчымасць, як і ў жыхароў іншых былых еўрапейскіх дыктатур, хутка інтэгравацца ў Еўразвяз і зажыць нармальным жыццём. Стаць грамадзянамі Адзінай Еўропы з такімі ж гарантаванымі правамі, як у ангельцаў, французаў, італьянцаў, немцаў.
–У 2007 годзе ў Беларусі прайшлі масавыя акцыі на Дзень Волі, "Чарнобыльскі Шлях", Еўрапейскі Марш. Ці маюць намер у наступным годзе дэмакратычныя сілы працягваць барацьбу праз вулічныя акцыі?
– Сёлета ініцыятыва была на баку апазіцыі. Дзень Волі, Чарнобыльскі Шлях, Еўрапейскі Марш, пераднавагоднія бунты прадпрымальнікаў, пратэсты супраць візіту Пуціна – усё гэта можна запісаць у актыў апазіцыі. Дэмакраты дзейнічалі па прынцыпе айкідо, выкарыстоўваючы благую сілу і комплексы суперніка. Нават вядомы крытык беларускай апазіцыі Павал Шарамет параіў дэмакратам Расеі вучыцца ў сваіх беларускіх таварышаў. Барыс Нямцоў заклікаў да байкоту прэзідэнцкіх выбараў у Расеі, хоць шмат гадоў пераконваў сваіх партнёраў у Беларусі ў безумоўнай неабходнасці ўдзелу ў выбарах пры дыктатуры.
– Так Вы за байкот парламенцкіх выбараў у 2008 годзе ў нас? Бо апазіцыйныя сілы пакуль не вызначыліся па гэтым пытанні….
– Я лічу, што апазіцыя не павінна ўдзельнічаць у выбарчым фарсе, і абавязаная выразна пра гэта заявіць. Гэта праблема Лукашэнкі, як ён, ходзячы з шапкай па крузе, будзе тлумачыць свету, чаму ў Беларусі не было свабодных выбараў. Дэмакратычныя сілы павінны патрабаваць, каб выбары былі насамрэч свабоднымі, каб былі вызваленыя палітвязні, спыненыя рэпрэсіі, каб кандыдатаў ад апазіцыі зарэгістравалі, каб апазіцыя прысутнічала пры падліку галасоў.
І не можа быць такога, што мы патрабуем абстрактна, а ўлада абстрактна згаджаецца. Гэтыя дамоўленасці могуць рэалізавацца толькі праз прадметны дыялог пры пасрэдніцтве міжнароднай супольнасці. Глупства сёння ўдзельнічаць у традыцыйным сцэнары ўлады. Апазіцыя павінна быць прынцыпова цвёрдай. І тады стануць магчымыя і дыялог, і рэалізацыя 12 прапаноў Еўропы.
– Ваш прагноз на 2008 год?
– Добры прагноз. Год будзе вельмі дынамічным. Адбудуцца перамены, якія ўсе мы так доўга чакаем.