«Единая Россия» паўтарае вынікі КПСС
- 3.12.2007, 8:42
ЦВК у панядзелак раніцай завяршае падлік галасоў на выбарах у Дзярждуму Расеі, дзе "Единая Россия" перамагае з значным адрывам, набіраючы больш як 63% галасоў. Яшчэ больш уражлівыя вынікі дасягнутыя ў некаторых рэгіёнах: так, у Чачэіі за "Единую Россию" прагаласавалі 99,27% выбаршчыкаў.
У іншых рэспубліках Паўночнага Каўказа вынікі амаль такія ж самыя. Шэраг партый рыхтуюць пазовы ў Вярхоўны суд з нагоды шматлікіх парушэнняў на месцах, паведамляе NEWSru.com.
Паводле дадзеных асацыяцыі ГОЛАС, якая арганізавала гарачую лінію для збору паведамленняў, часцей за ўсё паведамляюць пра парушэнні ў Башкірыі, Уладзімірскай і Маскоўскай абласцях, Маскве і Санкт-Пецярбургу.
Апошнія дадзеныя ЦВК апублікаваў на 8:00 па маскоўскім часе, палічыўшы 91% бюлетэняў. "Единая Россия" набірае 63,2%. КПРФ 11,7%, ЛДПР – 8,4%, "Справедливая Россия" – 8,0%. Усе астатнія партыі не пераадольваюць 7-працэнтны прахадны бар'ер. Выніковая прэс-канферэнцыя старшыні ЦВК Расеі Уладзіміра Чурава запланаваная на 10:00.
У Маскве, меркавана на ўчастку нумар 730 у школе нумар 240 у Атрадным, атрымалася сняць відэа, на якім, як сцвярджаюць аўтары з руху "Смена", зафіксаванае ўкіданне бюлетэняў. Гэты запіс у эфіры тэлеканала РЕН ТБ паказалі кіраўніку ЦВК РФ Уладзіміру Чураву. Ён папрасіў пракруціць яшчэ раз і спыніць на моманце, калі ў кадры з'яўляецца "нейкі чалавек у форме". Убачыўшы нашыўкі, Чураў заявіў, што "гэта не МНС", а нават калі і МНС, то іх супрацоўнікаў быць на выбарных участках не можа. Так што "з гэтай плёнкай усё зразумела", абвясціў ён. Аднак на сайце МНС прама гаворыцца, што "На кожным выбарным участку ў дзень выбараў супрацоўнікі МНС будуць несці службу сумесна з прадстаўнікамі праваахоўных органаў". Наўрад ці Чураву пра гэта не паведамілі, і ва ўсялякім выпадку, аб'яўляць плёнку фальшыўкай на гэтай падставе нельга.
Нагадаем, таксама, што Уладзімір Чураў абяцаў згаліць бараду, калі выбары ў Думу пройдуць несумленна. Праўда, пры гэтым абмовіўся ў інтэрв'ю КП: "Сумненні не ёсць доказ. Я ані не сумняваюся, што выбары пройдуць сумленна. Так што з барадой мне расставацца не давядзецца. І я з ёй яшчэ не адны выбары правяду".
Апазіцыя рыхтуе пазовы ў Вярхоўны суд
Шэраг партый ужо рыхтуюць пазовы ў Вярхоўны суд з нагоды шматлікіх, як яны сцвярджаюць, парушэнняў падчас галасавання. Намеснік старшыні Саюза правых сіл, 1 нумар у пецярбуржскім спісе Леанід Гозман паведаміў радыёстанцыі "Эхо Москвы", што СПС мае намер выдаць кнігу, у якой будуць апісаныя дапушчаныя парушэнні.
Вялікае непрыманне вынікаў выбараў і за мяжой. Правесці сур'ёзныя расследаванні ўсіх зваротаў з нагоды парушэнняў падчас парламенцкіх выбараў заклікаў расейскія ўлады Белы дом. Міністэрства замежных спраў Чэхіі выпусціла сваю заяву з нагоды думскіх выбараў. У ёй, у прыватнасці, гаворыцца, што будучы расклад сілаў у расейскім парламенце, непазбежна будзе пастаўлены пад сумненне, улічваючы акалічнасці, якія спадарожнічалі працэсу галасавання. Сваю ацэнку дадуць і міжнародныя назіральнікі ад ПАРЕ і Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
У Арлу той, хто ўкінуў бюлетэні, вырваўся з рук назіральнікаў
На 106-м выбарчым участку Арла 4 назіральнікі, у тым ліку ад 2-х кандыдатаў у мэры горада Івана Люцікава і Аляксандра Касьянава зафіксавалі ўкіданне бюлетэняў у выбарчую ўрну, паведамляе Regnum. Выбаршчыка, які падчас галасавання ўкінуў пачак бюлетэняў, назіральнікі літаральна злавілі за руку. Аднак ён вырваўся і ўцёк з участку. Сябры ЦВК адмовіліся апячатаць урну, галасаванне працягнулася. Яшчэ адно ўкіданне бюлетэняў зафіксаванае на 2-м выбарным участку. У гэтым выпадку выбаршчык збегчы не паспеў, назіральнікі складаюць акт. Абодва ўкіданні адбыліся адначасова ў 15 гадзін.
Назіральнікі 106-га ўчастку Зміцер Талалаеў і Яўгенія Праняева не выключаюць, што такія ўкіданні маглі адбыцца ў гэты самы час на іншых участках.
У Чачэніі ЕР паўтарыла вынікі КПСС
Сталіца Чачні падвяла вынікі галасавання: абсалютным лідэрам стала партыя "Единая Россия". За яе прагаласавалі больш як 99% выбаршчыкаў, паведамляе ІТАР-ТАСС са спасылкай на старшыню чачэнскага выбаркама Ісмаіла Байханава. Паводле яго слоў, у горадзе Грозным усяго прагаласавалі 99,54% выбаршчыкаў. Такім чынам, "Единая Россия" ў Чачэніі апынулася максімальна блізкая да "савецкіх" вынікаў галасавання: па 99,9% за КПСС – адзіную партыю.
Між іншым ашаламляльная неадпаведнасць паміж рэальнай карцінай і дадзенымі ўлад зазначылі ў суседнім рэгіёне – Інгушэціі. На выбары дэпутатаў там прыйшлі, па прыкладных падліках мясцовых назіральнікаў, не больш як 8 працэнтаў выбаршчыкаў, паведамляе Інгушэція.Ru.
Пасля зачынення ўчасткаў Выбарная камісія Рэспублікі Інгушэція паведаміла, што ў выбарах узялі ўдзел 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Як сцвярджае незалежнае выданне, працэнт тых, хто нібыта ўзяў удзел у галасаванні, спецыяльна "падагнаны" пад заяву прэзідэнта Мурата Зязікава, які раніцай называў менавіта лічбу 98%.
Падобныя лічбы па яўцы і вынікам "Единой России" называюць у Кабардзіна-Балкарыі і Мардовіі. Менш за ўсё кіруючая партыя атрымала падтрымку ў Санкт-Пецярбургу (51%) і Маскве (53%).