На беларускай мяжы ў журналіста канфіскавалі кампутар
- 3.12.2007, 8:53
Супрацоўнік “Радыё Рацыя” Аляксей Мінчонак у ноч з 1 на 2 снежня вяртаўся з прэс-тура па ўкраінскай частцы Чарнобыльскай зоны. На станцыі Церахава ўвагу беларускіх мытнікаў прыцягнуў ноўтбук журналіста. У выніку носьбіт інфармацыі забралі, пакінуўшы Мінчонку “Акт аб узяцці пробаў”.
“На цягніку “Кіеў-Мінск” я разам з калегамі-журналістамі вяртаўся ў Беларусь з прэс-тура па Чарнобыльскай зоне. На станцыі Церахава прайшлі мытны кантроль. Але праз некалькі хвілінаў да нас зноў завіталі кантралёры на чале з галоўным інспектарам Афончанкам”, - распавёў Аляксей Мінчонак.
Паводле журналіста, мытнікі патлумачылі яму, што забіраюць ноўтбук па загаду вышэйстаячага кіраўніцтва, бо “паступіла аператыўная інфармацыя”. Што гэта за інфармацыя, мытнікі патлумачыць адмовіліся. Пры гэтым яны самі не ведалі, на які тэрмін афармляць ноўтбук “для вывучэння” – ці то 10, ці то 15 дзён.
“Я звязваю гэтыя дзеянні са сваёй журналісцкай дзейнасцю. Не ведаю, чым яна гэтак зацікавіла ўлады, але зазначу, што мытнік дзейнічалі мэтанакіравана. Тым больш, носьбіты інфармацыі маіх спадарожнікаў-журналістаў іх увогуле не цікавілі”, - падкрэсліў Аляксей Мінчонак.