BE RU EN

«Такія ж прыёмы ўжываліся ў Беларусі»

  • 3.12.2007, 9:12

Асаблівасці выбараў у Маскве: маса адмацавальных талонаў, пратэстнае галасаванне студэнтаў і лаяльнае – пенсіянераў, піша газета “Ведомости”.

Яўку офісных працаўнікоў кантралявала начальства. На адным з выбарчых участкаў у цэнтры Масквы, дзе галасаванне ішло асабліва актыўна, карэспандэнт «Ведомостей» знайшоў дзвюх жанчын, якія фіксавалі прозвішчы і арганізацыі, да якіх належалі галасаваўшыя па адмацавальных пасведчаннях. «Я вам падвязу адмацавалак столькі, колькі трэба», – упэўніваў іх злёгку нецвярозы барадач у кепцы.

Пасля яго сыходу жанчыны прызналіся, што фіксуюць яўку працаўнікоў офіснага цэнтра: яны павінны аддаць голас за «Единую Россию» і падыходзяць невялікімі групамі. Паводле іх слоў, з больш як 400 прагаласаваўшых 70 галасавалі менавіта так. Пасля абеду жанчыны збіраліся перамясціцца на наступную кропку.

На іншым участку дзяўчыны, якія вярнуліся з урнай для галасавання на даму, спрачаліся, каму распісацца ў атрыманні бюлетэняў за непрагаласаваўшых. Тая, што прайграла, села прастаўляць «аўтографы».

Выбары паказалі, што Расея паўтарае Беларусь: такія ж прыёмы ўжываліся Аляксандрам Лукашэнкам, параўноўвае Юры Каргунюк з фонду «Індэм». Можна смела казаць: план Пуціна выкананы, канстатуе эксперт.

Карэспандэнту «Ведомостей» атрымалася паназіраць, як працаўнікі УЦДГМ праводзяць exit-poll на ўчастку ў раёне м. «Пятроўска-Разумоўская». Пажылыя выбаршчыкі альбо адмаўляліся называць партыю, за якую прагаласавалі, а калі адказвалі, то аднастайна: «Единая Россия » або КПРФ. Партыя ўлады пераважала.

Адна жанчына старых гадоў пагадзілася адказаць, толькі калі інтэрв'юерка паказала бланк, які пацвярджае прыналежнасць да УЦДГМ. «А то я чула, што апытанне будуць праводзіць “Нашы”, – рэспандэнтка апынулася палітычна падкаванай, – з імі нічога агульнага мець не хачу». «Я таксама», – запэўніла дзяўчына-сацыёлаг. Тады дама прызналася, што выбрала КПРФ.

Апошнія навіны