BE RU EN

Чураў: «На Захадзе шмат губляюць з прычыны немагчымасці мець стасункі з Ярмошынай»

  • 3.12.2007, 9:27

Узровень яўкі на парламенцкія выбары з'яўляецца беспрэцэдэнтна высокім для Расеі, што гаворыць пра рост актыўнасці выбаршчыкаў, лічыць старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына. "Яўка для Расеі беспрэцэдэнтна высокая, што гаворыць пра тое, што выбаршчык не страціў інтарэсу да выбараў", – заявіла Л.Ярмошына ў нядзелю падчас сустрэчы з старшынёй ЦВК Расеі Уладзімірам Чуравым.

Паводле яе слоў, у Расеі была праведзеная "канструктыўная выбарчая агітацыя". У сваю чаргу У.Чураў адзначыў, што ў Заходняй Еўропе шмат губляюць з прычыны таго, што пазбаўленыя магчымасці стасункаў з Л.Ярмошынай, бо ёй закрыты ўезд у краіны Еўразвяза.

"Я думаю, закрыццё доступу ў краіны ЕЗ сведчыць пра тое, што нас баяцца, баяцца пачуць крытыку – бесстароннюю і аб'ектыўную", – сказала Л.Ярмошына.

У нядзелю ўвечары ў эфіры Першага нацыянальнага канала кіраўніца ЦВК Беларусі заявіла, што высока ацэньвае арганізацыю парламенцкіх выбараў у Расеі.

"У цэлым, мая ацэнка выбараў станоўчая, выбары былі арганізаваныя на вельмі высокім узроўні. Была адзначаная высокая яўка выбаршчыкаў", – заявіла Л.Ярмошына.

Кіраўніца ЦВК Беларусі адзначыла навацыю расейскіх выбараў – магчымасць галасавання на вакзалах. Акрамя таго, яна акцэнтавала ўвагу на "беспрэцэдэнтных мерах бяспекі".

"Гэта гарантавала бяспеку, але стварыла некаторыя перашкоды для простых выбаршчыкаў", – адзначыла Л.Ярмошына. У той самы час яна падкрэсліла, што большасць выбаршчыкаў з разуменнем паставіліся да ўжывання дадатковых мер бяспекі і "цярпліва чакалі магчымасці прагаласаваць".

"Інцыдэнтаў, звязаных з галасаваннем мы не назіралі", – сказала Л.Ярмошына.

Як паведаміў "Інтэрфаксу" прэс-аташэ амбасады Расеі ў Беларусі Аляксандр Фралоў, у Менску прагаласавалі 2086 расейцаў.

Нагадаем, што расейскія дэмакраты зафіксавалі падчас выбараў мноства парушэнняў і маюць намер патрабаваць прызнання іх нелегітымнымі.

Апошнія навіны